Кіеў абмежаваў консульскую дапамогу для мужчынаў, якія апынуліся за мяжой

МЗС Украіны

МЗС Украіны / Getty Images

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала ад дыппрадстаўніцтваў краіны за мяжой "часова прыпыніць выкананне консульскіх дзеянняў паводле заяваў грамадзянаў Украіны мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў". Гэта значыць, тых, хто падпадае пад мабілізацыю. Забарона будзе дзейнічаць да атрымання тлумачэнняў новага закона аб узмацненні мабілізацыі. Пра гэта гаворыцца ў лісце першага намесніка міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі. Дакумент публікуе ўкраінскі рэсурс "Люстэрка тыдня".

Рашэнне было прынятае "ў сувязі з шырокамаштабнай ўзброенай агрэсіяй РФ супраць Украіны" і "з мэтай недапушчэння пазбягання грамадзянамі Украіны абавязку па ўрэгуляванні пытання ваеннага ўліку", тлумачыць Сібіга. У лісце ён таксама ўдакладняе, што дыпламаты на цяперашні момант змогуць дапамагчы мужчынам прызыўнога ўзросту з атрыманнем толькі аднаго дакумента — пасведчання асобы для вяртання ва Украіну.

Закон аб узмацненні мабілізацыі, нагадаем, быў прыняты ў сярэдзіне красавіка. У сілу ён уступае ў траўні. Адна з нормаў гэтага закона прадугледжвае забарону "грамадзянам, якія стаяць на вайсковым або спецыяльным уліку ў Міністэрстве абароны Украіны, Службе бяспекі Украіны або Службе замежнай выведкі Украіны, змяняць месца жыхарства (месца знаходжання) без дазволу вайсковага камісара або кіраўніка адпаведнага органа Службы бяспекі Украіны або Службы замежнай выведкі Украіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі