Кіраўніца МЗС Канады: мы працягнем падтрымліваць беларусаў

Мелани Жоли глава МИД Канады

Міністарка замежных спраў Канады Мелані Жалі   / The Canadian Press

Канада працягне падтрымліваць беларусаў і аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі. Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё заявіла міністарка замежных спраў гэтай краіны Мелані Жалі.

“Вядома, мы будзем [працягваць падтрымліваць Беларусь]. Такое пытанне нават не стаіць. Праз тое, што падзеі 2020 года былі амаль чатыры гады таму, мы не мусім пераставаць падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускага народа”, — сказала спадарыня Жалі.

Яна дадала, што афіцыйная Атава будзе “аказваць максімальны ціск на рэжым Лукашэнкі, мы будзем таксама падтрымліваць праваабаронцаў і палітычных зняволеных, бо гэта тое, што адстойвае Канада”.

Таксама міністарка сказала, што “такія арганізацыі, як Еўрарадыё, сапраўды важныя для таго, каб беларусы мелі доступ да інфармацыі, маглі чуць розныя версіі розных людзей, сапраўды ведаць факты”.

“І менавіта таму я тут — каб мець магчымасць наўпрост гаварыць пра гэта з беларусамі. Але мы лічым, што рэпрэсіі Лукашэнкі ў дачыненні да палітвязняў, праваабаронцаў не памяншаюцца, а ўзмацняюцца. І таму, паколькі яго падыход становіцца ўсё больш жорсткім у дачыненні да людзей, і антыдэмакратычным, мы павінныя рэагаваць”.

Спадарыня Жалі звярнулася да ўсіх, хто слухае (і чытае) яе словы, “бо я разумею: каб слухаць вашае радыё, патрэбная смеласць”.

“Патрэбная смеласць, каб паспрабаваць пачуць іншыя меркаванні, акрамя тых, якія вы чуеце ад вашага ўрада і вашага рэжыму. І я таксама хацела падзякаваць вам і ўсім тым, хто працуе на Еўрарадыё, бо гэта патрабуе шмат мужнасці, рашучасці, і мы ведаем, і Канада ведае, што ёсць розніца паміж рэжымам у Беларусі і народам Беларусі. І Канада заўсёды будзе сябрам народа Беларусі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі