Кіраўніцтва ЕС правяло сустрэчу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі

Кіраўніцтва ЕС правяло сустрэчу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі

Увечары 12 снежня ў штаб-кватэрах Савета ЕС і Еўракамісіі ў Бруселі адбыўся шэраг сустрэч паміж кіраўніцтвам Еўрасаюза і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Кіраўнік Еўрапейскага савета Шарль Мішэль запэўніў на сустрэчы, што Еўрасаюз уважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі ад жніўня 2020 года. Ён згадаў "жахлівую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі". 

Самай важнай падтрымкай Шарль Мішэль назваў міжнародныя механізмы, якія збіраюць юрыдычныя доказы парушэння правоў чалавека рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. "Так, мы будзем прыцягваць іх да адказнасці за іх злачынствы. Яны павінны ведаць, што іх злачынствы зафіксаваныя, што збіраюцца доказы і што іх прыцягнуць да адказнасці", — прыводзіць яго словы Радыё "Свабода".

Кіраўнік Еўрапейскага савета паведаміў, што з жніўня 2020 года ЕС вылучыў на дапамогу беларусам больш за 33 мільёны еўра. Гэтыя грошы пайшлі на падтрымку ахвярам рэпрэсій, а таксама грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ. Па яго словах, у пятніцу ЕС прыняў яшчэ адзін пакет дапамогі ў 15 мільёнаў еўра.

Святлана Ціханоўская на сустрэчы заклікала ЕС пашырыць стратэгічную дапамогу — План ЕС для дэмакратычнай Беларусі, вывучыць пытаньне бязвізу і лібералізацыі імпарту паслуг з Беларусі. Таксама яна гаварыла пра магчымы фармат удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве, адзначае яе прэс-служба.

Дэмакратычныя сілы Беларусі на сустрэчы акрамя Ціханоўскай прадстаўлялі кіраўнік НАУ Павел Латушка, прадстаўнік Каардынацыйнай Рады ад грамадзянскай супольнасьці і адзін з лідараў Беларускай нацыянальнай платформы Андрэй Ягораў, прадстаўнік КР ад інавацыйнага бізнесу Таццяна Марыніч, прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў, праваабаронцы "Вясны", прадстаўнікі СМІ, бізнес-супольнасці і дыяспараў.

Раней у нядзелю Ціханоўская правяла перамовы з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Прадстаўніца ЕС паведаміла, што Еўрасаюз вылучае дадаткова 30 мільёнаў еўра "на дапамогу моладзі, незалежным СМІ, малому і сярэдняму бізнесу, дзеячам культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі