Кіраўнік ДДБ Літвы: мы можам пабачыць Беларусь у складзе Расіі

Кіраўнік ДДБ Літвы: мы можам пабачыць Беларусь у складзе Расіі

Разам з нелегальнымі мігрантамі ў Літву могуць трапляць агенты беларускага КДБ. Пра гэта заявіў дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы Дарус Яўнішкіс.

"Я разумею, што мы не можам ставіць на ўсіх штампы, ні ў якім разе не лічым усіх злачынцамі або шпіёнамі, але гэтая рызыка ўзнікае з павышэннем патоку бежанцаў",цытуе яго словы delfi.lt.

Ад пачатку 2021 года ў Літву з Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць каля 400 незаконных мігрантаў, пераважна — грамадзяне Ірака. Гэтая лічба ў пяць разоў вышэйшая, чым за ўвесь 2020 год. 

Яўнішкіс патлумачыў, што ў яго ведамства выклікае вялікі непакой, што гэтыя людзі часта бываюць без дакументаў, хлусяць пра сваю прафесію і адукацыю. 

Гаворачы пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, пасаджаным у Мінску, кіраўнік ДДБ адзначыў яе наступствы. На думку Яўнішкіса, рэакцыя Захаду больш падштурхнула Беларусь да Расіі, а гэта пагражае знікненнем незалежнай Беларусі.

"Таму мы назіраем усё большую інтэграцыю ў адзіную дзяржаву. Я б зусім не здзівіўся, калі б неўзабаве з'явіліся пэўныя працэсы, і мы б убачылі Беларусь як інтэграцыйную частку ў складзе Расіі. Для Літвы гэта азначае, што ў нас будзе мяжа з Расіяй. Уяўная буферная зона проста знікне", — патлумачыў кіраўнік літоўскай спецслужбы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі