Кіраўнік дэпартамента авіяцыі: даклад ICAO — "другагатунковы шпіёнскі раман"
Справаздача ICAO па інцыдэнце з рэйсам Ryanair не вытрымлівае ніякай крытыкі. Так яе ацаніў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Арцём Сікорскі.
Ён назваў даклад міжнароднай камісіі ICAO "катэгарычнаы непрымальным". Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, справаздача "дыскрэдытуе ICAO як міжнародны тэхнічны орган, які займаецца грамадзянскай авіяцыяй".
"Мы катэгарычна з ім не пагадзіліся. Афіцыйны прадстаўнік РФ, член Савета ІКАО, таксама не пагадзіўся з гэтай справаздачай, паказаў на шэраг памылак, недакладнасцяў, неавіяцыйных, неаб'ектыўных падыходаў", — заявіў беларускі чыноўнік.
Як распавядала Еўрарадыё, 19 ліпеня міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) апублікавала новую справаздачу наконт прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску ў траўні 2021 года. ICAO прыйшла да высновы, што інфармацыя пра бомбу на борце была перададзеная экіпажу самалёта паводле загаду беларускіх уладаў.
У дакуменце даецца запіс перамоваў у дыспетчарскай, дзе акрамя дыспетчара і яго начальніка прысутнічае неназваная асоба, якая падказвае, што трэба казаць экіпажу самалёта. Таксама ў справаздачы даецца расшыфроўка запісу з кабінета, дзе абмяркоўваецца ўнясенне карэкціровак у паказанні "для больш дэталёвай прывязкі да радыёабмену". Пры гэтым прысутнічаюць намеснік дырэктара "Белаэранавігацыі", дыспетчар і яго кіраўнік. Абодва запісы зрабіў на тэлефон дыспетчар.
Сікорскі выказаў сумнеў у якасці і сапраўднасці аўдыёзапісаў. Па яго словах, праносіць мабільнік забаронена: гэта можа перашкодзіць працы складанай тэхнікі і забраць увагу дыспетчара. "Гэта далёка ад праўды, ад авіяцыйнай тэхналогіі і больш нагадвае выдумку, каб неяк абвінаваціць Беларусь", — заявіў чыноўнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.