Кіраўнік Глыбоцкага раёна папрасіў прабачэння ў вяскоўцаў за стан дарогі

У вёсцы Дзеркаўшчына ў Глыбоцкім раёне прайшло святкаванне 25-гадовага юбілею адноўленага касцёла. Ён быў пабудаваны, дзякуючы фундатару Лявону Дамейку (дзядзьку знакамітага навукоўца, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі) у пачатку ХІХ стагоддзя. У 1959 годзе храм быў зачынены, спачатку там было зернесховішча, потым яго ўвогуле пераўтварылі ў руіны. У 1990 годзе касцёл быў адноўлены дзякуючы працы ксяндза Уладзіслава Завальнюка і неабыякавых вернікаў.

На святкаванні юбілею прысутнічалі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, святары, кіраўніцтва раёна і сельсавета, шматлікія вернікі. Напрыканцы набажэнства кіраўнік Глыбоцкага раёна Алег Морхат падзякаваў біскупу за візіт і звярнуўся да вернікаў са словамі прабачэння з-за стану дарогі.

Алег Морхат: “Мне вельмі прыемна з вамі прысутнічаць, маліцца ў гэтым храме. І хачу ад улады папрасіць прабачэння, можа не ўсё так атрымоўваецца ў нашым жыцці, асабліва ведаю, шмат скардзяцца жыхары Дзеркаўшчыны з нагоды закрыцця дарогі. Таму людзі мае, давайце не скардзіцца, давайце неяк разам вырашаць гэта пытанне дрэнных дарог".

Чыноўнік адзначыў, што ўсе гэтыя праблемы "бачыць улада", але для іх вырашэння не хапае сродкаў. Таму ён заклікаў вяскоўцаў пакуль пацярпець.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі