Кіраўнік МУС: “24-28% амніставаных здзяйсняюць паўторныя злачынствы”

13 траўня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні закон аб амністыі. Пад яе патрапяць каля 8600 чалавек. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч кажа, што у мінулыя гады ад 24 да 28% амніставаных вязняў мелі рэцыдывы (потым паўторна здзяйснялі злачынства, — Еўрарадыё).

Ігар Шуневіч

Кіраўніца праваабарончага цэнтра для асуджаных “Платформа” Алёна Красоўская-Каспяровіч кажа, што рэцыдывы адбываюцца ў 48% тых, хто выходзіць на свабоду. Складана сказаць, ці вялікая гэта доля, бо ў Швецыі яна такая ж.

Праваабаронца адзначае, што калі чалавек здзейсніў злачынства пасля выхаду на свабоду па амністыі, другі раз ён пад яе ўжо не патрапіць.

Да моманту, калі чалавека вызваляюць, калонія накіроўвае запыт па месцы жыхарства аб тым, ці гатовыя яго прыняць усе сажыцелі. Запыт прыходзіць да ўчастковага інспектара, які мусіць правесці апытанне, прасачыць за жыллёвымі ўмовамі.

“Сітуацыі, калі былы вязень вярнуўся, а ў яго няма жылля, такога таксама быць не можа. Бо асуджанага выпісаць з жылога памяшкання, дзе ён прапісаны, немагчыма. Калі так адбываецца, значыць нехта парушае закон”, — адзначае праваабаронца.

Калі чалавек вызваляецца, яму выдаюцца пэўныя сродкі на дарогу ці набываюцца квіткі на праезд, а таксама даюць грошы на ежу. Яшчэ пяць гадоў таму праблемай было, што сродкаў бракавала нават на праезд. Цяпер у “Платформу” такая інфармацыя не паступае, кажа кіраўніца цэнтра.

Алёна Красоўская-Каспяровіч

Калі чалавек вяртаецца, ён мае магчымасць стаць на ўлік у службу занятасці. Калі ён зробіць гэта цягам месяца, яму выплацяць аднаразовую грашовую дапамогу, так званыя “пад’ёмныя”. Яе памер будзе залежаць ад рашэння камісіі, якая абследуе жыллёвыя і бытавыя ўмовы. А потым, падчас таго, як служба занятасці будзе шукаць былому зняволенаму працу, яму будуць выплачваюць фінансавую дапамогу па беспрацоўі як звычайным грамадзянам. Сярэдні памер такой дапамогі ў сакавіку быў 207 тысяч рублёў.

Супрацоўніца адной з раённых служб занятасці Мінска сказала, што звычайна на ўліку стаіць 3-6 чалавек, якія вярнуліся з месцаў зняволення. Пасля амністыі іх будзе каля 10-12. Не многа.

Алёна Красоўская-Каспяровіч кажа, што ў былых зняволеных ёсць яшчэ магчымасць звярнуцца ў “Чырвоны крыж” па матэрыяльную дапамогу. Яны аказваюць яе рэчамі і харчовымі прадуктамі.

Галоўныя праблема — адаптацыя. Чалавеку цяжка бывае звыкнуцца з тым, што трэба на кожным кроку прымаць рашэнні, якія ў калоніі прымаліся за яго. Таксама няпросты перыяд — пошук працы.

Службы псіхалагічнай дапамогі для былых вязняў у Беларусі няма. МУС распрацоўвае праграму рэабілітацыі былых зняволеных.


Фота: evening-kazan.ru, svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі