Кіраўнік МУС заяўляе, што ў Беларусі няма прэвентыўных затрыманняў

Напярэдадні і на пачатку чэмпіянату свету па хакеі міліцыянты затрымалі каля 30 актывістаў па ўсёй Беларусі. Іх вінавацілі ў дробным хуліганстве і супраціве міліцыянтам. Суды давалі ім ад 10 да 25 сутак арышту.



На гэта Ігар Шуневіч заявіў, што ў Беларусі ўвогуле не існуе такога паняцця, як прэвентыўнае затрыманне, перадае Радыё "Свабода". Пра затрыманых актывістаў ён сказаў, што ўсе яны арыштаваныя за тое, што здзейснілі адміністратыўнае правапарушэнне.


Па словах міністра, нягледзячы на чэмпіянат свету крымінальная абстаноўка ў Мінску і Мінскім раёне спакойная. Колькасць крымінальных злачынстваў у гэты перыяд у Мінску нават меншая, чым бывае звычайна.



Журналісты таксама запыталіся ў Шуневіча, ці здолелі яго супрацоўнікі зачысціць горад ад прастытутак да чэмпіянату. Міністр паведаміў, што ён увогуле не ўжывае такі тэрмін, як "прастытуткі", а лічыць больш правільным ужываць тэрмін "жанчыны з нізкай сацыяльнай актыўнасцю". Ён сказаў, што і ў гэтай справе ў сталіцы ўсё спакойна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі