Кіраўнік МЗС ФРГ: большасць грамадзян не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам
Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас / Reuters
Выхадам з палітычнага крызісу ў Беларусі можа стаць дыялог улады і апазіцыі пад эгідай АБСЕ, заявіў міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас у інтэрв'ю ria.ru. Вынікам гэтых перамоў, на думку нямецкага міністра, павінны стаць справядлівыя і свабодныя выбары.
"Аляксандр Лукашэнка павінен прызнаць, што большасць грамадзян Беларусі не прызнае яго як прэзідэнта, чыя легітымнасць пацверджаная вынікамі выбараў", — заявіў Маас.
Пры гэтым ён скептычна выказаўся наконт намераў беларускіх уладаў правесці канстытуцыйную рэформу. Паводле слоў Мааса, у сітуацыі, калі Лукашэнка "шляхам гвалту, рэпрэсій і фальсіфікацыі выбараў хоча зацвердзіцца на кіруючай пасадзе, давер у адносінах да рэформы, якая абапіраецца толькі на яго слова, вельмі невялікі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.