Кіраўнік раёна расказаў, наколькі сёлета падаражэў "ямачны рамонт"
Кіраўнік Калінкавіцкага раёна Сяргей Гвоздзь, адказваючы на пытанні мясцовых жыхароў, расказаў, наколькі сёлета падаражэў "ямачны рамонт" дарог. Паводле яго слоў, адзін квадратны метр летась каштаваў каля 77 рублёў, цяпер жа — 120 рублёў. Адна тона бітума ў 2021-м каштавала 890 рублёў, у 2022-м — 1750. Гвоздзь наракае на "анамальнае надвор'е" ў мінулую зіму, з-за якога "аб'ём рамонту дарог... вырас у разы", піша knews.by. Дзіўна, што не былі згаданы яшчэ і заходнія санкцыі.
"Як бачыце, нашым дарожнікам і камунальнікам сёлета прыйдзецца вельмі нялёгка наводзіць парадак на дарогах", — заявіў старшыня райвыканкама.
Праблема стану дарог актуальная не толькі для Калінкавіцкага раёна, але і для ўсёй краіны. У Мінску таксама наракаюць на надвор'е. Аб'ём "ямачнага рамонту" ў сталіцы павялічыўся на 30%.
"Ямачны рамонт" — гэта калі з дарогі здымаецца невялікі ўчастак пашкоджанага асфальту, непрыдатны матэрыял вывозяць, а на яго месца ўкладваюць новы пласт (могуць быць і больш простыя варыянты).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.