Кіраўнік украінскай разведкі сказаў, што думае пра Лукашэнку
Кірыл Буданаў
Беларусы цяпер не ладзяць антываенныя пратэсты, бо грамадства задушанае і запалоханае рэпрэсіямі. Пра гэта заявіў кіраўнік украінскай разведкі Кірыл Буданаў у інтэрв'ю выданню "Украінская праўда".
Акрамя таго, па словах Буданава, прапаганда запалохвае беларусаў: "Вайна ва Украіне палохае беларусаў. Ім жа асноўны пасыл які робяць — вы што, хочаце, як ва Украіне? Вядома, яны глядзяць тэлевізар, тэлефануюць сюды сваім сябрам і родным, чытаюць інтэрнэт. І ім страшна".
Таксама падчас інтэрв'ю кіраўнік украінскай разведкі даў характарыстыку Аляксандру Лукашэнку. Ён назваў кіраўніка Беларусі хітрым і заявіў, што яму ўдаецца віхляць.
"Калі б ён не быў такім хітрым, мы ўжо мелі б вайну і з Беларуссю, і з тэрыторыяй Беларусі, якую проста выкарыстала б Расія. Гэта нам у плюс. Не будзем абяляць гэтага чалавека, але тое, што ён пасля тых страшных падзей зімы і вясны 2022 года не дапусціў нават спробы ўварвання — гэта праўда. Трэба аддаць яму належнае", — падкрэсліў Буданаў.
Як вядома, у лютым 2022-га расійскія войскі ўварваліся ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Перад тым Лукашэнка абяцаў украінскаму кіраўніцтву, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будуць атакаваць Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.