Украінскія ВМС пашкодзілі яшчэ адзін расійскі патрульны карабель
Патрульны карабель "Павел Державин"
Спікер Ваенна-марскіх сіл УСУ Дзмітрый Плецянчук пацвердзіў, што расійскі патрульны карабель Чарнаморскага флоту Расіі "Павел Державин" напярэдадні быў пашкоджаны. Гэта адбылося ў Чорным моры недалёка ад акупаванага Севастопаля. Плецянчук заявіў, што судна атрымала пашкоджанні, але раскрываць дэталі не стаў.
"Я не магу вам даць ніякай інфармацыі пра абставіны гэтага інцыдэнту, назавем гэта так, але факт такі ёсць", — заявіў ён у эфіры "Радыё Свабода". Плецянчук таксама нагадаў, што ў складзе ВМС Украіны быў карабель з такой самай назвай, але падкрэсліў, што праблемы паўсталі менавіта ў расійскага судна.
"У іх аднолькавае імя. Наколькі я памятаю, яшчэ да вайны быў такі цікавы момант. Я магу толькі адзначыць, што гэта не ўкраінскі карабель", — адзначыў спікер.
Дададзім, што напярэдадні крымскія Telegram-каналы пісалі, што на знешнім рэйдзе Севастопаля з невядомых прычын падарваўся патрульны карабель "Павел Державин". Гук выбуху чулі раніцай 11 кастрычніка. Расійскі бок гэтую інфармацыю не каментаваў. Рэсурс "Крымский ветер" адзначаў, што ў пачатку вайны расійскі "Павел Державин" узмоцнілі зенітным ракетным комплексам "Тор-М2КМ". Яго ўсталявалі на карме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.