У Чорным моры атакаваныя два расійскія караблі. Адзін з іх — "Васіль Быкаў"

Патрульны карабель "Васіль Быкаў" / osk-t.ru

Патрульны карабель "Васіль Быкаў" / osk-t.ru

Расійскае Мінабароны паведамляе пра атаку УСУ на патрульныя караблі "Сяргей Котаў" і "Васіль Быкаў" Чарнаморскага флоту Расіі. Атака, сцвярджаюць расіяне, адбылася за 340 км на паўднёвы захад ад Севастопаля і была беспаспяховай. На расійскія карветы напалі тры марскія безэкіпажныя катэры. Тыя, хто нападаў, былі знішчаныя "агнём са штатнага ўзбраення расійскіх караблёў", кажуць у Мінабароны РФ. А "Сяргей Котаў" і "Васіль Быкаў" працягнулі "выконваць пастаўленыя задачы".

Адзначым, што серыя карветаў тыпу "Васіль Быкаў" абсталявана кіраваным ракетным узбраеннем блізкай і далёкай марской зоны. Гэта першыя расійскія караблі з ужываннем модульнай канцэпцыі ўзбраення (гэта значыць, маюць частку штатнага ўзбраення, але прадугледжана месца для дааснашчэння). Карветы названыя не ў гонар беларускага народнага пісьменніка, а ў гонар яго поўнага цёзкі — савецкага марскога афіцэра, які ваяваў падчас Другой сусветнай вайны на Чорным моры. Усяго было пабудавана тры карабля такой серыі, чацвёрты павінны здаць у гэтым годзе. Але ў будучыні іх ужо будаваць не будуць — праект прызналі не вельмі ўдалым.

25-28 лютага 2022 года галаўны карабель серыі "Васіль Быкаў" прымаў удзел у нападзе на востраў "Змяіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі