Кіраўнікі краін ЕС заявілі аб гатоўнасці прыняць новыя санкцыі супраць Беларусі
Сустрэча кіраўнікоў краін ЕС у Бруселі / Reuters
Еўрасаюз гатовы прыняць новыя санкцыі супраць Беларусі, калі гуманітарны крызіс на мяжы не вырашыцца. Пра гэта гаворыцца ў заяве па выніках саміту ЕС. Яго цытуе ТАСС.
Напярэдадні адбыўся апошні ў гэтым годзе саміт кіраўнікоў краін ЕС. Удзельнікі сустрэчы асудзілі дзеянні Мінска па "інструменталізацыі мігрантаў і бежанцаў", якія прывялі да ўтварэння гуманітарнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
"Еўрапейскі савет падкрэсліў важнасць хутчэйшай рэалізацыі забаронных мер пасля зацвярджэння пятага санкцыйнага спісу і заявіў аб гатоўнасці прыняць новыя санкцыі ў выпадку неабходнасці", — гаворыцца ў заяве.
У заяве таксама адзначаецца, што Беларусь павінна забяспечыць бесперашкодны доступ міжнародных арганізацый на мяжу для пашырэння гуманітарнай падтрымкі мігрантаў, а таксама паспрыяць вяртанню мігрантаў на радзіму.
Кіраўнікі краін ЕС таксама заклікалі афіцыйны Мінск вызваліць палітычных зняволеных і правесці новыя выбары прэзідэнта — свабодныя і справядлівыя.
На днях Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што датэрміновых выбараў у Беларусі не будзе. На сустрэчы з актывам Віцебскай вобласці ён казаў пра знешні ціск, у тым ліку пра патрабаванне правесці новыя выбары пад эгідай АБСЕ. "Яны ў нашу цывільную краіну прыедуць праводзіць выбары. Вось іх патрабаванне. Натуральна, я на гэта пайсці не магу", — сказаў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.