Кіроўца Mitsubishi выпрабоўваў пнеўматычны пісталет, страляючы ў раварыста
У Гродзенскім раёне раварыста абстралялі з пнеўматычнага пісталета. Як паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, жыхар вёскі Каробчыцы, які ехаў на ровары, раптоўна адчуў рэзкі боль па ўсім целе. Адбылося гэта ў той момант, калі міма праязджаў аўтамабіль Mitsubishi. Раварыст запомніў нумар і паведаміў пра здарэнне міліцыянерам.
Зламысніка хутка знайшлі і затрымалі. Паводле слоў 29-гадовага жыхара Гродна, ён вырашыў выпрабаваць пнеўматычны пісталет і страляў у раварыста, праязджаючы міма на аўтамабілі. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Хуліганства".