"Кітай павінен прыняць меры" — Макрон пра дзеянні Пуціна ў Беларусі
Сёлета Аляксандр Лукашэнка пабываў у КНР / president.gov.by
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон даў інтэрв'ю пасля візіту ў КНР і згадаў у ім Беларусь. Паводле яго слоў, мэтай дыялогу з Пекінам "з'яўляецца кансалідацыя агульных падыходаў". Макрон кажа, што першае — гэта падтрымка прынцыпаў статута ААН. "Другое — выразны напамін аб ядзернай праблеме, і Кітай павінен прыняць меры ў сувязі з тым, што прэзідэнт Пуцін размясціў ядзерную зброю ў Беларусі праз некалькі дзён пасля таго, як ён узяў на сябе абавязацельства не рабіць гэтага", — цытуе словы французскага прэзідэнта lesechos.fr.
25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія размесціць у Беларусі сваю тактычную ядзерную зброю і што для яе будуецца сховішча. 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сказаў у "пасланні", быццам Беларусь таксама будзе мець кантроль над расійскай ядзернай зброяй. Масква ж гэтага не пацвярджае. Ва Украіне ж лічаць, што КНР не дазволіць РФ размясціць ядзерную зброю ў Беларусі.
Кабінет Святланы Ціханоўскай заклікае міжнародную супольнасць "да неадкладнага супрацьдзеяння рэжымам Лукашэнкі і Пуціна з мэтай недапушчэння міжнароднай катастрофы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.