Класкоўскі: Частка апазіцыйных дзеячоў скацілася да ўзроўню інтэрнэт-троляў
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі паўшчуваў палітыкаў у эміграцыі і на Радзіме, ды параіў, што трэба зрабіць замест ценявога ўраду.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да ідэі стварыць ценявы ўрад? Асабліва беручы да ўвагі, што тая прагучала з вуснаў палкоўніка спецназа ў адстаўцы.
Класкоўскі: Па-першае, мне здаецца, што гэта бура ў шклянцы вады – віртуальная: няма рэальных, таму інтэрнэт-публіка пераважна ламае дзіды вакол гэтага пытання. Я думаю, што хутка спадзе цікавасць, ды высветліцца, што нічога з гэтай задумы не атрымалася. Хутчэй за ўсё, так яно і будзе. Нягледзячы на тое, як шчыра палкоўнік Барадач ды яго паплечнікі хочуць зваліць рэжым – трэба ўлічваць шэраг фактараў. Як шаноўныя ініцыятары хочуць змагацца з рэжымам? Тое, што яны хочуць яго скінуць – гэта сумневаў не выклікае: асабістая шчырасць ды гарэнне нейкімі ідэаламі змянення сітуацыі ў Беларусі да лепшага. Але як гэта рабіць? Па-вайсковаму рабіць? На танках уязджаць? Нейкі Лівійскі сцэнар? Думаю, не трэба тлумачыць, чаму гэта не пройдзе. Не будзе тут лівійскага сцэнару. А тады што застаецца? Калі яны не збіраюцца сюды на парашутах саскокваць – тады змаганне мусіць быць іншым. Гэта змаганне за свядомасць Беларусаў – яно мусіць ісці тут, у Беларусі. Не метадамі спецназу: можа, будзённымі, не такімі эфектнымі – але без гэтага не абысціся. Толькі так можа змяніцца сітуацыя ў Беларусі! Таму, нават з гэтага гледзішча перспектываў няма, а ёсць яшчэ шэраг іншых пытаннях.
Еўрарадыё:: А хто тыя паплечнікі спадара Барадача, пра якіх вы ўзгадалі?
Класкоўскі: Вось гэта другое пытанне з таго шэрагу, які я назваў. Цікава, каго рэпрэзентуе гэты “ўрад”. Тым больш загадкавая фраза прагучала, што 80% за кандыдатуру самога Барадача на пасаду старшыні. Гэта прытым, што мы бачым, як масава палітычныя лідары выказаліся супраць гэтага “ўраду”. І яно не дзіва, таму што сам Барадач усіх іх звінаваціў у супрацы з КДБ, і чакаць, што пасля гэтага нехта кінецца пад ягоныя сцягі, было б, мякка кажучы, наіўна. Хто гэтыя 80% - гэта абсалютна загадкава. Апаненты гэтага “ўраду” кажуць, што можна з дзесятак такіх наствараць. Важна толькі, ці будзе гэта нейкі цэнтр каардынацыі, ці проста нейкая кантора “рогі ды капыты”.
Еўрарадыё: Сапраўды, гэта не першая ініцыятыва стварыць ценявы ўрад. Былі ўжо спробы ў беларускай апазіцыі ствараць ценявыя ўрады ды распісваць пасады. Быць можа, гэта сапраўды той шлях, які досыць прывабны для беларускай апазіцыі?..
Класкоўскі: Сам выраз “ценявы ўрад” паходзіць з нармальных дэмакратычных сістэм, дзе існуе сістэмная апазіцыя, як, напрыклад, у Вялікабрытаніі, якая стварае ценявы ўрад. Там зусім іншае напаўненне. У Беларусі спрабавалі стварыць ценявы ўрад з дэпутатаў разагнанага Вярхоўнага Савета ХІІ-га склікання – нябожчык Генадзь Карпенка ўзначальваў. Там была пэўная рэпрэзентатыўнасць, бо гэтыя дэпутаты – людзі якія рэальна набіралі дзесяткі тысяч галасоў на выбарах. Гэта былі фігуры, якія мелі рэальную народную падтрымку. Іншая рэч, што ва ўмовах жорскага аўтарытарнага рэжыму гэты ўрад таксама не мог разгарнуцца. Важная рэч – ён усё ж спрабаваў працаваць тут, на тэрыторыі Беларусі. А ў гэтым выпадку прапануецца эмігранцкі ўрад. Зразумела, што рэжым выціскае за мяжу людзей – шчырых людзей, барацьбітоў – але мы бачым не адзін выпадак, калі будучы далёка, адарваныя ад рэаліяў, яны раптам становяцца нейкімі прарокамі, аракуламі, яны лепей ведаюць як змагацца, яны клеяць ярлыкі тым, хто застаўся ў краіне, за тое, што тыя не надта рашучыя. Ведаеце, папіваючы піва недзе на Бульвары Капуцынаў, лёгка быць смелым і ляпіць ярлыкі на тых, хто застаўся ў краіне. Зразумела, што гэта, мякка кажучы не вельмі маральна, не вельмі этычна – ставіць кляймо на тых, хто ў гэтай краіне ды за іх вырашаць лёс гэтай краіны.
Еўрарадыё: А ці наогул мае рацыю існавання такая ідэя, як стварэнне ценявога ўраду?
Класкоўскі: Па-першае, мусіць быць рэальная каардынацыя апазіцыйных сіл, і мусіць быць нейкі іх штаб. Як гэта назваць – справа другая. Яшчэ раз падкрэслю: у нас няма такіх умоваў, як у заходніх краінах развітай дэмакратыі, таму нешта калькаваць ад іх – няма сэнсу. Шыльда – гэта справа другая. Ценявога ўраду ў класічным, заходнім разуменні не можа быць, бо ў нас няма дэмакратыі і няма сістэмнай апазіцыі. А вось нейкі каардынацыйны цэнтр, які б рэальна яданаў апазіцыю, ды пад дахам якога выпрацоўвалася б рэальная стратэгія – такая структура вельмі патрэбная, даўно патрэбная. Пра гэта казалі аналітыкі, яны проста крычалі перад “Плошчай” 2010, каб знайшлі агульную мову кандыдаты. Калі не адзінага кандыдата, дык прынамсі адзіны план “Плошчы” каб яны выпрацавалі. На жаль, замест гэтага надзімаюцца нейкія мыльныя бурбалкі, якія выкарыстоўваюцца дзеля “піяру” нейкіх асобаў ці структур. Замест таго, каб ладзіць карпатлівую, цяжкую, няўдзячную, але рэальную працу кансалідацыі.
Еўрарадыё: Апошнім часам чуваць абвінавачванні таксама і незалежных журналістаў з боку палітыкаў у супрацы з КДБ, праплочванні іх нейкімі варожымі сіламі… Лічба 80% стала ўжо нейкая сімвалічная. Тут – 80% кадэбістаў сярод палітыкаў, Зміцер Бандарэнка кажа, што 80% КДБістаў сярод незалежных журналістаў… Чаму тая сварка, да якой мы зрэшты ўжо прывыклі, пераходзіць са сферы палітыкаў у асяроддзе незалежных журналістаў?
Класкоўскі: Гэта ўсё зразумела, і дарэчы апазіцыйныя деячы тут “люстэраць” уладу. Адзін у адзін. Вешаюць сабак на журналістаў. Калі ў саміх нешта не атрымліваецца – і высокае начальства кажа, што гэта “дэструктыўная прэса” вінаватая, ачарняе ды ставіць нам палкі ў колы; і, як мы бачым, апазіцыя таксама. Вядома ж, як заўжды, пісакі вінаватыя. Зміцер Бандарэнка таксама зразумеў, што сеў у галёш, стаў апраўдвацца, што я не ведаю колькі там дакладна… Мала таго, што гэта супадае з працэнтамі “элегантных перамог” вядомага дзеяча, дык яшчэ паўстае пытанне, адкуль такая дакладная статыстыка? Колькі сексотаў у КДБ сярод журналістаў – можа ведаць толькі сам КДБ. Безумоўна, спецслужбы шчыруюць, і яны шчыруюць ва ўсіх сферах, але галоўнае, чаго ім удалося дамагчыся – гэта заразіць грамадзянскую супольнасць вірусам татальнага падазрэння. І цяпер сярод апазіцыі занятак нумар адзін – гэта клеіць адно аднаму на ілбы ярлыкі “Агент КДБ”. Усё. Ужо спецслужбы могуць толькі сядзець ды паціраць рукі. Працэс так бы мовіць пайшоў. Так можна дайсці да вар’яцтва, да шызафрэніі, калі будаваць дачыненні на шызафрэніі. Трэба ўлічваць гэты чыннік, але трэба і рэальна працаваць.
Еўрарадыё: Чаму хваля абвінавачванняў адзін аднаго сярод апазіцыі час ад часу адраджаецца ўжо шмат гадоў?
Класкоўскі: На мой погляд, тут просты дыягназ. Калі няма чым займацца ў рэале, пачынаюць гэтыя віртуальныя баталіі. Частка апазіцыйных дзеячаў скаціліся на ўзровень інтэрнэт-троляў. Калі я займаюся рэальнай справай, пішу артыкулы, мне няма часу сядзець на форумах, тачыць лясы, ды чытаць, хто каго абвінавачвае. Вы ведаеце, што большасць гэтых троляў – гэта людзі, якім няма чаго рабіць, або людзі ў пагонах. Хай апазіцыйныя дзеячы падумаюць над гэтым, а яшчэ лепш – хай падумаюць, як займацца рэальнай справай, каб неставала часу на ўсе гэтыя глупствы.