Кляшчоў у Беларусі стала ў паўтара разу больш. Але паліваць лясы ДДТ — не выйсце
Будзьце асцярожныя
— Чаго яны так плодзяцца? Можа, дзяржава нарэшце што-небудзь зробіць? — рэагуюць беларусы на навіну пра чарговае нашэсце кляшчоў.
Сітуацыя сур'ёзная: паводле паведамлення Міністэрства аховы здароўя, кляшчоў у Беларусі гэтым летам у 1,6 разу больш, чым летась. А значыць, імавернасць падчапіць ад іх інфекцыю таксама высокая.
— Няма дакладных звестак, чаму кляшчоў у Беларусі робіцца больш, — расказвае Еўрарадыё біёлаг Віталіна Лабанава. — Ёсць тэорыя, што гэта звязана са змяненнем клімату. Павышэнне тэмпературы ў выніку глабальнага пацяплення стварае спрыяльнае асяроддзе для размнажэння.
Некаторыя даследчыкі звязваюць сітуацыю з павелічэннем колькасці грызуноў, крывёю якіх сілкуюцца павукападобныя. Але я б не сказала, што іх стала больш.
Ці вядзецца ў Беларусі супрацькляшчовая апрацоўка?
Паводле інфармацыі Міністэрства лясной гаспадаркі, лясы ў Беларусі ад кляшчоў спецыяльна не апрацоўваюцца — "занадта вялікія аб'ёмы ляснога фонду".
— Да таго ж гэта дорага і доўга, — дадае Віталіна Лабанава.
— Самі працаўнікі лесу карыстаюцца рэпелентамі і выконваюць правілы асабістай бяспекі: носяць светлую шчыльную вопратку, запраўляюць нагавіцы ў абутак. Калі трымацца іх прыкладу, усё будзе добра, — раяць у Мінлясгасе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.