Колькасць ахвяр штурму Капітолія дасягнула 5 чалавек
Колькасць ахвяр штурму Капітолія дасягнула 5 чалавек. Памёр паліцэйскі Браян Сікнік, які пацярпеў падчас падзей 6 студзеня ў Вашынгтоне. Ён атрымаў траўмы ў сутыкненнях з прыхільнікамі прэзідэнта Дональда Трампа і трапіў у бальніцу, аднак яго жыццё выратаваць не ўдалося. Сікнік служыў у паліцыі Капітолія 12 гадоў.
Тым часам падаў у адстаўку кіраўнік паліцыі Капітолія Сцівен Сунд, які займаў гэтую пасаду з лета мінулага года.
6 студзеня ў Вашынгтоне прайшоў вялізны мітынг прыхільнікаў Трампа, на якім выступіў прэзідэнт. Ён зноў заявіў пра фальсіфікацыі выбараў, у выніку якіх іх выйграў дэмакрат Джо Байдэн. Пасля мітынгу калона дэманстрантаў прыйшла да Капітолія, дзе ішло пасяджэнне, на якім зацвярджаліся вынікі выбараў. У гэты момант і адбылася правакацыя, у выніку якой сотні людзей уварваліся ў будынак. Падчас беспарадкаў загінулі 4 дэманстранты. Ёсць відэа, як ахоўнік застрэліў Эшлі Бэбіт, ветэрана амерыканскай арміі.
Кангрэсмены і сенатары сабраліся пазней і зацвердзілі перамогу Байдэна.
Дональд Трамп асудзіў беспарадкі ў Капітоліі. У сваім чарговым відэазвароце ён паабяцаў, што вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Twitter разблакаваў яго акаўнт, а вось Facebook i Instagram — не.
Трамп па-ранейшаму не згодны з вынікамі выбараў, але гатовы перадаць уладу 20 студзеня абранаму прэзідэнту ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.