Колькі чыноўнікаў будзе ў складзе беларускай алімпійскай зборнай у Сочы?
У складзе нашай зборнай падчас лонданскай Алімпіяды Еўрарадыё знайшло 66 чалавек, чыя прафесійная прыналежнасць застаецца загадкай.
Да пачатку Зімовай алімпіяды ў Сочы застаецца некалькі дзён, і частка беларускіх спартсменаў ужо даехала да месца будучых спаборніцтваў – біятланісты і гарналыжнікі. Цалкам алімпійская зборная, у склад якой уваходзіць 27 спартсменаў, збярэцца ў нацыянальнай алімпійскай вёсцы бліжэйшымі днямі. Але ж не толькі спартсмены ўваходзяць у склад дэлегацыі. Хто яшчэ паляціць на Алімпіяду і колькі іх будзе?
Найперш, гэта трэнеры. Паводле спіса, апублікаванага на сайце Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, трэнераў у Сочы паедзе 21. Колькі будзе медыкаў, на сайце не ўказана. Але прэс-сакратар НАК Анастасія Марыніна ў размове з Еўрарадыё кажа, што “важная не колькасць, а прафесіяналізм”.
Анастасія Марыніна: “Кожная федэрацыя выбірала тых спецыялістаў, якія з’яўляюцца прафесіяналамі і якія будуць запатрабаваныя на гэтай Алімпіядзе. А гэта і медыцынскі персанал, і спецыяліст, якія працуе па антыдопінгавай праграме, і масажысты, і тэрапеўты”.
А што ж чыноўнікі ад спорту — колькі іх будзе ў Сочы?
Анастасія Марыніна: “Колькасць афіцыйных асоб, якія дапамагаюць і каардынуюць гэтую працу, вельмі маленькая. Гэта некалькі чалавек ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта і адзін чалавек ад Міністэрства спорту і турызму”.
Альбо Сочы не такое цікавае месца для беларускіх чыноўнікаў, альбо ў нас нарэшце пачалі лічыць бюджэтныя грошы. Узгадаем склад беларускай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе. Вось лічбы, якія называў тагачасны міністр спорту і турызму Алег Качан: агульны склад дэлегацыі — 351 чалавек. З іх “166 спартсменаў у 25 відах спорту, 75 чалавек — трэнеры і абслуговы персанал, 28 чалавек — медыцынскі штаб і 16 сяброў адміністрацыйнай групы штаба”.
Робім нескладаныя калькуляцыі і атрымліваем, што пералічаных Качаном — 285 чалавек. Неназванымі засталіся 66 асоб. І хто гэта — не паведамляецца. Тым не менш вядома, што ў складзе нашай лонданскай алімпійскай дэлегацыі былі чыноўнікі неспартовага профілю. Да прыкладу, віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Яго Савет міністраў прызначыў кіраўніком аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і ўдзелу спартсменаў у Гульнях. А быў яшчэ святар Фёдар Поўны.
Ці будуць яны ў Сочы? Інфармацыі пра магчымы візіт у Сочы Анатоля Тозіка Анастасія Марыніна не мае. Што да “спартовага святара Поўнага”…
Анастасія Марыніна: “Наконт яго візіту мне пакуль што не вядома, але заўтра беларуская дэлегацыя, усе жадаючыя паедуць на сустрэчу і на малебен з Патрыярхам Русі Кірылам”.
Затое на сочынскую Алімпіяду паедзе кіраўнік Беларусі — у Лондан яго… не запрасілі. Праўда, калі дакладна вылятае з Мінску “борт № 1”, у прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі не кажуць: “Пакуль такой інфармацыі няма”.
Як невядома і складу ды колькасці пасажыраў прэзідэнцкага самалёта.