Колькі імпарту ў звычайным яйку

Здавалася б, яйка — што тут можа быць небеларускага? Але ў Міністэрстве эканомікі сваё меркаванне: у беларускім яйку беларускія толькі… адыходы жыццядзейнасці.

“Можна жартам сказаць, што айчыннага ў беларускім яйку толькі лішкі кала ад курыцы. Інкубатар — гэта энерганосьбіты, і курыцу кормяць кормам, які  заўсёды мае імпартныя складнікі. Прамежкавага імпарту ў яйку нямала. Атрымліваецца, што беларускага ў беларускім яйку не вельмі і многа”.

На 1-й мінскай птушкафабрыцы кажуць, колькі павінен каштаваць дзясятак яек:

“Электраэнергія падаражэла, паліва, а нашыя яйкі не даражэлі да снежня 3-4 месяцы! Дзясятак павінен каштаваць прыкладна долар, каб мы ўваходзілі ў рэнтабельнасць хаця б на 20%”.

Спецыялісты птушкафабрыкі кажуць, што ў Беларусі не хапае інкубацыйных яек для кур-нясушак. Яйкі і курэй-вытворнікаў у Беларусь завозяць з Польшчы, Расіі, Нідэрландаў, нават Францыі.

Да прыкладу, за 2014 год Беларусь закупіла 11 727 куранят на 12,6 мільёнаў долараў. І яшчэ 8,5 тысяч аплодненых яек на 2,7 мільёна долараў. Куды беларускім курам да французскіх!

Эканамісты птушкафабрыкі тлумачаць, з чаго складаецца кошт беларускага яйка: “65% сабекошту — гэта корм. Камбікорм, збольшага імпартны — 40%. У сабекошт уваходзяць транспартныя выдаткі, цяпло, святло, вада, ветабслугоўванне, выдаткі па мясе (выдаткі на курыцу да першага яйка). Таксама ў сабекошце  заробак супрацоўнікаў, але гэта маленькая частка — 2,7%”, — кажуць на птушкафабрыцы.

Імпартны корм закупляюць, каб павысіць яйканоскасць. На мінскай птушкафабрыцы, да прыкладу, яйканоскасць (прадукцыйнасць курыцы) складае 308 яек за год. Калі карміць усім, што можа есці, кура будзе несціся не штодзень, а як звычайная хатняя — адно яйка на паўтара дня.

Корм, паліва на транспарт, электраэнергія — імпарту ў беларускім яйку мінімум 50%! Атрымліваецца, беларускае яйка беларускае толькі напалову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі