“Кормім прэзідэнта, але на заробках не заўважаем, каго кормім”

На сайце Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Еўрарадыё знаходзіць аб'яву аб продажы маласольных агуркоў — 5600 рублёў за кіло.

У гандлёвым аддзеле гаспадаркі “Усход”, якая і адносіцца да Кіраўніцтва, пытаемся, хто замаўляе маласольныя агурочкі ад кіраўніка краіны.

“Вайсковыя часткі ў асноўным. Мы выйгралі тэндар і пастаўляем ім бочкамі па 65 літраў. Піцэрыі таксама замаўляюць разам з сырам, крамы розныя”, — кажуць у гандлёвым аддзеле і дадаюць, што ўсе гуркі прадалі яшчэ да Новага года.

Пытаемся, чаму не назвалі брэнд прэзідэнцкім.

“Мы і так Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — ведаюць у нас і так усе. Хоць нашу прадукцыю і так есць прэзідэнт, але мы так сціпленька”, — кажуць у гандлёвым аддзеле і адзначаюць: “Па заробках не адчуваецца, каго мы там кормім. 3 мільёны. Калі не верыце, прыязджайце, пакажам разлікоўкі!”.

У гандлёвым аддзеле распавядаюць, што канкрэтна пастаўляюць у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы — бульбу, яблыкі, ягады.

“У асноўным ідзе ў Адміністрацыю чырвоная бульба — Рэд Скарлет. І разварваецца, і смачная — добры сорт. Яблыкі? Апошнім разам, гэта было тыдні тры-чатыры назад, завозілі шэсць скрыняў яблыкаў сорту Імант і Вербнае. Гэта зімовыя яблыкі. Асеннія сарты ўжо ўсё — пайшлі на перапрацоўку. Мы многа што пастаўляем: клубніцы, маліны. Але цяпер клубніцаў-малінаў ўжо няма, толькі ўлетку пастаўляем. Адбіраецца самае лепшае. Калі трэба — завозім у Кіраўніцтва справамі. Усё сур’ёзна”.

На сайце прадпрыемства бачым, што гаспадарка вырошчвае шмат садавіны, гародніны, ягад, а таксама варыць сыры, робіць саленні ды закваскі.

Галоўны аграном “Усходу” Ігар Пратасеня расказвае, што іх гаспадарка вырошчвае каля дваццаці сартоў яблыкаў.

Аграном заўважае, што апрацоўку культур робяць па мінімуме: “не пятнаццаць разоў на год, а толькі чатыры”, а бульбу апрацоўваюць ад фітафторы.

“Прадукцыя праходзіць аналіз ў нашай лабараторыі, і лабараторыі ў Сенніцы. Добрыя сарты ў нас, яблыкам пахне, у нас няма ніякай польскай селекцыі, толькі беларуская”, — кажа аграном.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі