Краіны Балтыі адключыліся ад энергасістэм Беларусі і Расіі

Электричество / unsplash.com
У суботу, 8 лютага, каля 10:00 па мінскім часе Эстонія, Латвія і Літва пакінулі электрычнае кола BRELL, якое дзесяцігоддзямі злучала іх энергасістэмы з энергасістэмамі Беларусі і РФ.
Каля 12:00 дзевятага лютага тры балтыйскія дзяржавы сінхранізуюцца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E.
Што гэта ўсё значыць?
Сістэма BRELL, пра якую ідзе гаворка, была створана ў 2001 годзе. Яна называецца па першых літарах краін, якія ў яе ўваходзяць: Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія і Літва. Сінхронны рэжым працы энергасістэм дазваляў краінам электракола страхаваць адзін аднаго ў выпадку аварыйных сітуацый і гандляваць электраэнергіяй. Пазней краіны Балтыі пабачылі пагрозу ў тым, што рэгуляванне частаты ў коле адбываецца з удзелам Расіі.
Ёсць яшчэ адзін момант. Уявім будучыню, у якой вайна ва Украіне спынена, а з Беларусі знялі ўсе ці большасць санкцый. Атрымліваецца так, што без агульнай энергасістэмы Беларусь не зможа экспартаваць у краіны Балтыі электраэнергію з БелАЭС. А станцыя ў Астраўцы будавалася “з прыцэлам” на магчымасць прадаваць лішак у Еўропу.
Рашэнне пра выхад з электракола краіны Балтыі прынялі яшчэ ў 2019 годзе, але для рэгулявання тэхнічных пытанняў спатрэбіўся час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.