“Крумкачы” атрымалі першую перамогу ў вышэйшай лізе (відэа)

“Крумкачы” атрымалі першую перамогу ў вышэйшай лізе (відэа)

Мінскія “Крумкачы” атрымалі першую перамогу ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. У матчы 2-га тура яны ў напружанай барацьбе вырвалі сваю вікторыю ў дасведчанага саперніка — гродзенскага “Нёмана”.

На 17-й хвіліне гульні лік адкрыў Вячаслаў Глеб, які нядаўна далучыўся да маладой каманды. Далей гульня ішла даволі стабільна і здавалася, што “вароны” змогуць утрымаць лік 1:0 да фінальнага свістка, але на 70-й хвіліне нападаючы гродзенцаў Раман Васілюк зраўняў лік.

Вынік матчу быў вырашаны на самых апошніх хвілінах, калі было прызначанае пенальці ў браму гасцей. Па варотах біў Сяргей Корсак і ён не змог перайграць галкіпера, аднак яго калега Сяргей Шчагрыковіч здолеў дабіць мяч і такім чынам пенальці было рэалізаванае. Матч скончыўся з лікам 2:1 на карысць “Крумкачоў”.

Нагадаем, што сёння перамогу атрымаў яшчэ адзін навічок вышэйшай лігі: мінская “Іслач” адолела мікашэвіцкі “Граніт” — 1:0.

Заўтра ў рамках 2-га тура пройдуць наступныя матчы: “Нафтан” — “Славія”, “Дынама” (Мінск) — “Гарадзея”, “Слуцк” — “Тарпеда-БелАЗ”, “Дынама” (Брэст) — “Мінск”. 11 красавіка тур завяршыцца матчамі “Белшына” — “Віцебск”, БАТЭ — “Шахцёр”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі