Крыху раней, і аўтобус упаў бы ў раку. Дзеці і відавочцы — пра аварыю ў Румыніі

Крыху раней, і аўтобус упаў бы ў раку. Дзеці і відавочцы — пра аварыю ў Румыніі

Калі ўсё адбылося, я нават нічога не зразумела. Адразу схапілася за сядзенне, якое было перада мной”, — распавядае Еўрарадыё 14-гадовая Анжаліка. Яна — адна з 43 беларускіх дзяцей, якія не даехалі да адпачынку ў Балгарыі. Каля 9-й гадзіны вечара 8 ліпеня аўтобус з імі перакуліўся на тэрыторыі Румыніі, недалёка ад мяжы з Украінай.

“Калі аўтобус лёг на бок, я проста спакойна ўзяла свой заплечнік, паклала туды тэлефон і выйшла, — працягвае Анжаліка. — Толькі потым я зразумела, што адбылося. Да гэтага часу не верыцца, што са мной такое здарылася”.

Аварыя абмяркоўваюцца ў румынскім сегменце інтэрнэту. Сведкі здарэння пішуць, што кіроўца заснуў за рулём. Сустрэчныя аўтамабілі спрабавалі пабудзіць яго, міргаючы дальнім святлом, але нічога не атрымалася: аўтобус з’ехаў у кювет і перакуліўся на бок.

 

Крыху раней, і аўтобус упаў бы ў раку. Дзеці і відавочцы — пра аварыю ў Румыніі
Фота даслала адна з маці

Румын пісаў, маўляў, добра, што кіроўца вывернуў руль менавіта ў гэтым месцы, таму што за 20 метраў да гэтага быў нейкі ці то абрыў, ці то рэчка. Аўтобус мог проста зваліцца туды”, — распавядае Еўрарадыё Наталля, маці 11-гадовай Леры. Пра здарэнне яна даведалася ад маці іншай дзяўчынкі:

Яна ў істэрыцы сказала: "Толькі не хвалюйся, у цябе ёсць яшчэ адно дзіця". Мне адразу стала дрэнна, таму што я падумала, што першага дзіцяці ў мяне ўжо няма. Справа ў тым, што я на шостым месяцы цяжарнасці”.

Каб пазваніць дадому, дзецям давялося прасіць тэлефоны ў румынаў, якія спыніліся на месцы аварыі і дапамагалі дзецям пакінуць аўтобус.

Тая дзяўчынка датэлефанавалася да сваёй маці. Сказала: "Мама, са мной усё добра". Але ў яе ці забралі тэлефон, ці забаранілі тэлефанаваць, я не вельмі зразумела, — працягвае Наталля. — У мяне ёсць скрыншот паведамленняў, дзе румын піша і абураецца, чаму нельга паведамляць сваякам?

 

Крыху раней, і аўтобус упаў бы ў раку. Дзеці і відавочцы — пра аварыю ў Румыніі
Скрыны даслала адна з маці

Прыкладна праз гадзіну пасля здарэння прадстаўнікі турфірмы паведамілі пра яго бацькам.

А дзясятай гадзіне вечара [8 ліпеня] у наш бацькоўскі чат прыйшло паведамленне, што перавярнуўся аўтобус недалёка ад мяжы, і што ўсе жывыя, — працягвае Наталля. — Я ўсё ведала раней, але не ведала, як пра гэта сказаць бацькам. Больш нам нічога не паведамілі. Нехта з дзяцей неяк змог датэлефанавацца, размаўляў з бацькамі”.

Са сваёй дачкой Наталля паразмаўляла толькі ў гадзіну ночы. З ёй усё добра, дзяўчына атрымала некалькі драпін.

Усіх дзяцей агледзелі на месцы здарэння. Некаторых завезлі ў бальніцу і правялі больш дэталёвы агляд.  

Ні ў каго сур'ёзных траўм няма. Няма пераломаў, толькі невялікія ўдары. Асабіста я аддзелалася сінячкамі, — распавядае Еўрарадыё Анжаліка. — Учора практычна ўсе хацелі ехаць дадому, сёння ўжо большасць хочуць ехаць на адпачынак у Балгарыю. Са мной усё добра, нас пакармілі, збіраюся ехаць у Балгарыю далей”.

Цяпер пацярпелыя знаходзяцца ў гатэлі і чакаюць падменны аўтобус, каб працягнуць падарожжа. Але не ўсе хочуць ехаць далей.

 

Крыху раней, і аўтобус упаў бы ў раку. Дзеці і відавочцы — пра аварыю ў Румыніі
Фота даслала адна з маці

Я вельмі хачу, каб мая дачка вярнулася. Я ведаю, што ёсць такія бацькі, як я, але нас вельмі мала. Астатнія за тое, каб дзеці ехалі адпачываць”, — амаль плача Наталля.

Праз МЗС бацькі звязваліся консулам Беларусі ў Румыніі. Дыпламат асабіста выязджаў на месца аварыі.

Ён сказаў, што яны не могуць вярнуць дзяцей назад дадому, што гэтым павінна займацца турфірма. Я ў гэта не веру, што консул не можа вырашыць праблему такога ўзроўню”, — кажа Наталля.

Еўрарадыё не змагло датэлефанавацца да ТАА “СтекляриусТур”, якое везла дзяцей у Балгарыю. У бацькоў узнікае пытанне — чаму фірма адправіла аўтобус толькі для тых, хто хоча ехаць далей?

 

Маці 11-гадовага Іллі пакуль думае, што рабіць далей. Яна хоча паразмаўляць з сынам і даведацца, ці хоча ён вярнуцца назад у Беларусь. З хлопчыкам усё добра, але па голасе маці чуваць, што жанчына доўга плакала:

“Буду вырашаць, што рабіць, па яго стане. Адзінае што скажу, калі ён вырашыць ехаць далей, я буду ставіць пытанне пра тое, каб назад яны вярталіся на цягніку”.

Крыху раней, і аўтобус упаў бы ў раку. Дзеці і відавочцы — пра аварыю ў Румыніі
Фота: adevarul.ro
Крыху раней, і аўтобус упаў бы ў раку. Дзеці і відавочцы — пра аварыю ў Румыніі
Фота: adevarul.ro

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі