Куды дзеўся MINSKI? "Не магу пра гэта гаварыць, але ўсе ўсё выдатна разумеюць"
MINSKI / Еўрарадыё
MINSKI — адзін з самых папулярных беларускіх блогераў, якія ў сваіх відэа абмяркоўваюць навіны Беларусі і ў тым ліку крытыкуюць уладу. З адной агаворкай: адзін з самых папулярных сярод тых, хто жыве ў Беларусі.
Аднак ужо паўтара месяца Марат (сапраўднае імя блогера) не выпускае новых відэа. Да гэтага ён кожную суботу дзяліўся з падпісчыкамі сваімі думкамі пра тое, што адбываецца ў краіне.
Апошняе відэа датуецца 5 верасня, яно заканчваецца папярэджаннем аўтара пра часовы "творчы адпачынак":
"У сілу асабістых, не самых прыемных абставін я вымушаны спыніць вядзенне канала — на некалькі тыдняў! Усяго на некалькі тыдняў! Хто ведае: магчыма, праз некалькі субот мы сустрэнемся ў зусім іншай Беларусі, Беларусі здаровага сэнсу".
Прайшло ўжо шэсць субот, а абнаўленняў канала так і не было. У байнэце нават пайшлі чуткі: MINSKI, як і многія калегі па блогерскім цэху, праводзіць у СІЗА анбоксінг сваіх перадачак ад блізкіх.
Гэта не так. Еўрарадыё без праблем датэлефанавалася да блогера і пачула знаёмы голас Марата па той бок трубкі.
Еўрарадыё: Марат, дзе новыя відэа?
MINSKI: Хутка плануем уваход. Гэта будзе відэа, паспрабуем новы фармат. А што будзе пасля яго — паглядзім. Дакладную дату пакуль не назаву, таму што ўжо планавалі раней, але потым пераносілі. Хутка.
Еўрарадыё: У сваім апошнім відэа ты сказаў пра "асабістыя, не самыя прыемныя абставіны", праз якія ты бярэш паўзу. Што гэта значыць? На цябе націснулі?
MINSKI: Напішыце, што я ўстрымаўся ад каментароў... Ну, я не магу пра гэта гаварыць, але ўсе ўсё выдатна разумеюць.
Адначасова з відэаблогерскай паўзай адбылося і перайменаванне канала MINSKI ў "Тэлеграме". Цяпер 47-тысячны канал называецца "БелКА | БЕЛАРУСКИЕ АНАЛИЗЫ". У асноўным ён перадрукоўвае навіны іншых медыя ў нейтральным ключы.
Еўрарадыё: "БЕЛАРУСКИЕ АНАЛИЗЫ" — гэта ўжо не твой канал?
MINSKI: Не, ужо не мой.
Еўрарадыё: Ад ўласнага канала ў "Тэлеграме" "адмовіўся" таксама па "асабістых, не самых прыемных абставінах"?
MINSKI: Так скажам, гэта — звёны аднаго ланцуга.
Еўрарадыё: Ты яго камусьці прадаў? Падарыў? Ці яго ў цябе проста "аджалі"?
MINSKI: Тут таксама ўстрымаюся ад каментароў.
У канцы размовы Марат прызнаўся, што знаходзіцца ў сталіцы Беларусі і пакідаць краіну не збіраецца.
Цяпер на ютуб-канале MINSKI амаль 269 тысяч падпісчыкаў. Марат "стрэліў" у пачатку 2017-га, калі ў сваіх відэа пачаў асвятляць пратэсты (не)дармаедаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.