Куды зніклі беларускія памідоры?

Сёння ў мінскіх крамах памідоры можна купіць на любы густ — з Турцыі, Іспаніі, Італіі, Узбекістана… Кошты вар'іруюцца ад 7 да 50 тысяч. А вось родных беларускіх таматаў няма нідзе, хаця летась у гэты ж час яны былі ў шматлікіх крамах.


Куды ж сёлета зніклі беларускія памідоры?


Журналіст Еўрарадыё прайшлася па самых буйных прадуктовых крамах. Ні ў воднай з іх родных таматаў мы не знайшлі.


“Суседзі”: Не, беларускіх няма, пакуль няма…
“Рублёўскі”: Не, няма.
“Трапінка”: Не, беларускіх няма, толькі імпартныя. “Яшчэ пакуль не настаў сезон”, – так нам адказваюць на фабрыках гародніны. У іх пакуль прадукцыі няма… Таму яны нам і не даюць. Вось і ўсё.

Нагадаем, што ў мінулым годзе беларускія памідоры прадаваліся ў крамах нават у лютыя маразы. У студзені 2010 года памідоры беларускай вытворчасці каштавалі 11770 тысяч за кілаграм.


Зімой у крамы памідоры паступалі з Мінскай фабрыкі гародніны.


"У нас лістапад, снежань, студзень ідуць памідоры. Мы пабудавалі новую цяпліцу, якая дазваляе нам вырабляць памідоры ў зімовы перыяд. Гэта наш першы досвед", — расказваў у 2010 годзе Еўрарадыё галоўны эканаміст фабрыкі.


Куды ж падзеліся беларускія памідоры з фабрыкі гародніны сёлета? На самой фабрыцы Еўрарадыё запэўнілі, што і цяпер памідоры ў іх растуць. Праўда няшмат. Раз у два дні здымаюць ураджай па 200-300 кілаграмаў.


“Мінская фабрыка гародніны”: “Так, цяпер у нас ідзе тамат. Невялікая колькасць, але ідзе... У крамы таксама пастаўляем. Ведаю дакладна на Камароўцы ёсць наша ўласная крама “Мінская фабрыка гародніны”. Цяпер памідоры ў нас вырошчваюцца на плошчы 1537 квадратных метраў. Невялікая плошча, і ў нас там ідзе выбарка дзесьці праз дзень па 200-300 кілаграмаў”.


Для параўнання. Плошча, з якой цяпер здымаецца ураджай, утрая меншая за футбольнае поле і нават троху меншая за хакейную пляцоўку. Магчыма таму беларускія памідоры прадаюцца толькі ў фірмовых крамах.


“Мінская фабрыка гародніны”: “Агуркі мы ў крамы завозім, а памідораў пакуль няма. Той памідор, які мы вырошчваем, прадаём у фірмовым гандлі”.

На “Камароўцы” сярод шэрагаў з гароднінай таксама – спрэс імпартныя таматы. Прадаўшчыцы запэўніваюць, што беларускіх памідораў пакуль няма нідзе. Але мы ўсё ж такі знайшлі краму з шыльдай “Мінская фабрыка гародніны”. Там, сапраўды, ёсць беларускія памідоры. Але каштуюць яны амаль 13 тысяч за кілаграм! Для параўнання, турэцкія таматы прадаюцца на рынку па 8 тысяч, а іспанскія можна набыць за 9 тысяч.

На фабрыцы гародніны высокі кошт на беларускія памідоры тлумачаць тым, што яны экалагічна чыстыя.

"У нас свая акрэдытаваная лабараторыя, у нас вельмі строга вытрымліваюцца ўсе тэхналогіі, выкарыстоўваюцца толькі дазволеныя прэпараты, толькі біялагічныя сродкі абароны — а яны нятанныя.
У нас сёння самы чысты тамат, самы чысты агурок, самая чыстая прадукцыя. Што з Турцыі прыязджае… вы самі разумееце. Мы ў краму адгружаем чыстую, прыстойную, як належыць, прадукцыю".

У шырокім продажы беларускія памідоры павінны з’явіцца на рынку пасля 8 красавіка, паабяцалі нам прадаўцы. Але колькі яны будуць каштаваць – пакуль невядома.

На апошнім фота - беларускія памідоры коштам 12870 рублёў за кілаграм

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі