Кустава: У Еўропе рыфма ўжо прайшла, а ў нас большасць піша ў рыфму

120321 Kustava s.mp3

Еўрарадыё: Наколькі сучасная беларуская паэзія – сучасная?


Валярына Кустава: Я думаю, што яна абсалютна сучасная паводле тэматыкі, якую закранае, і абсалютна несучасная паводле сваёй запатрабаванасці. Дакладна, паводле незапатрабаванасці. Натуральна, як для беларускай паэткі, паэзія для мяне – гэта і жыццё, і каханне, і сэнс. Я не магу сказаць, што яе няма ці яна не існая ў цяперашнім свеце. Натуральна, беларуская паэзія мае шмат праблемаў, з імі змагаецца і ў гэтым таксама бярэ сваё натхненне.
 

Еўрарадыё: Ты напісала верш “Мама, сына забрала неба” пра Ўладзіслава Кавалёва. Ці не падаецца, што гэта неяк кан’юнктурна, няшчыра… А па-другое, прысвячаць вершы саўдзельніку ў тэракце?..
 

Валярына Кустава: Па-першае, там няма прысвячэння. Па-другое, гэты верш быў напісаны ад сайго сну, які, па сутнасці, і падказаў мне вынік гэтага прысуду. Гэты верш напісаны не пра тэрарыста, а пра чалавека, які не займеў справядлівага суду над сваім жыццём, над здзейсненым ім.
 

Еўрарадыё: Якія тэмы ўвогуле ўздымаюцца цяпер у беларускай паэзіі? Ці папулярна пісаць пра прыроду, пра гаротнага мужыка, пра Радзіму Беларусь?..
 

Валярына Кустава: У сучасных паэтаў добра, калі знойдзецца адзін верш, які прысвечаны Беларусі, ці адзін верш, прысвечаны прыродзе. Я кажу пра пакаленне сваё, то бок, зусім маладых паэтаў. Натуральна, што цяперашнія паэты вылятаюць з падстрэшша горада. Яны ўрбаністы па сваёй сутнасці. Адпаведна, тэма вёскі, хлеба, зямлі адыходзіць на другі план, або замяняецца метафарамі іншага кшталту. Цяпер больш актуальныя гульні са словам, з розумам, з літаратурай, з еўрапейскім кантэкстам сучаснай паэзіі.
 

Еўрарадыё: А з чаго жывуць нашы паэты? Ці можна паэзіяй зарабіць на жыццё?
 

Валярына Кустава: Гэта вельмі сумна. Я неаднойчы выказвалася, што маёй марай было б тое, каб беларуская паэзія зрабілася прафесіяй. Бо не так даўно быў адменены творчы стаж, і шкада, што ён быў адменены. Магу сказаць за сябе, што я выкладаю цяпер у Акадэміі мастацтваў. Цяпер мы са студэнтамі адзначаем Дзень паэзіі, тым што чытаем свае любімыя вершы. Сродкі – толькі самыя папулярныя могуць займець з гэтага. Але, натуральна, ёсць еўрапейскія стыпендыі, ёсць нейкія праекты. Але, натуральна, беларускі паэт, калі хоча жыць з паэзіі, павінен працаваць у дзесяць разоў болей, чым іншы паэт.


Еўрарадыё: Што адбываецца, калі беларускі паэт выязджае за мяжу? Ці натхняе яго тое замежжа?


Валярына Кустава: Магу сказаць за сябе. Калі я была за мяжой, то гэта, хутчэй, такі творчы адпачынак. Бо гэта больш – для нейкага спакою душэўнага, чым для натхнення. Бо гэта шанец адключыцца ад беларускай рэальнасці, ад беларускай рэчаіснасці, што так неабходна беларускім паэтам. Бо яны ўвесь час прапускаюць усё праз сябе, і атрымліваецца, што іх унутраны рухавік працуе на ўсю моц. Гэта проста немагчыма, ніводнае сэрца такога не зможа вытрымаць. Але і з гэтага ёсць натхненне. Таму, гэтыя літаратурныя еўрапейскія стыпендыі даюць больш шанец уздыхнуць, перадыхнуць, перадумаць усё зробленае і, магчыма, пачаць асэнсоўваць месца беларускага творцы ў свеце. Што ты можаш даць свету, што свет можа даць табе – такія тэмы ўжо выходзяць на першы план.
 

Еўрарадыё: А наколькі прафесія дапамагае ў паэзіі? Ці забівае прафесія паэзію?
 

Валярына Кустава: Гледзячы, наколькі ты аддаешся, што для цябе першапачаткова. Бо, натуральна, калі гэтая прафесія сумежная з тваёй дзейнасцю – гэта выдатна, яна толькі дапамагае. Як, напрыклад, у мяне прафесія – драматург, кінадраматург, мастацтвазнаўца. Гэта блізка да літаратуры. Яно толькі папаўняе мой нейкі досвед – і творчы, і прафесійны – дачыненні з людзьмі, нейкія ўвасабленні сваіх твораў. Гэта мне дапамагае. Але мне, магчыма, пашанцавала.
 

Еўрарадыё: Можа, абіраючы спецыяльнасць, ты спрабавала наблізіць яе да свайго паклікання?..
 

Валярына Кустава: Напраўду, калі я абірала прафесію, я ведала, каб не ісці непасрэдна ў літаратуру. Я з шасці гадоў знаходжуся ў коле літаратараў, і да шаснаццаці гадоў мне гэтага было зашмат. Я думала, што будзе ўжо “перадоз” гэтай прасторы, калі я пайду на філфак, ці яшчэ куды. А гэта сумежнае – тое, што пашырае, дае натхненне. Я думаю, што не памылілася з выбарам.
 

Еўрарадыё: Цяпер у Беларусі пісьменнікам нават дыпломы выдаюць. Можа, неўзабаве і паэтам пачнуць выдаваць дыпломы?..
 

Валярына Кустава: Гэта трошкі смешна, вядома ж… Бо не можа быць такога дыплому. Але ў мяне таксама дыплом першай адукацыі – літаратурная работа. Па сутнасці, пісьменнік. Але гэта смешна гучыць, і добра, што ёсць канкрэтныя нейкія спецыялізацыі. Гэта заўсёды вынятак, нейкая ўнікальнасць. Як у Маскоўскім літаратурным інстытуце была спецыяльнасць “паэзія”. Гэта гучыць неяк незвычайна. Але з іншага боку – гэта мусіць быць, бо ёсць людзі для гэтага народжаныя.
 

Еўрарадыё: Беларуская проза перакладаецца на замежныя мовы, а як з беларускай паэзіяй? Калі б вершы Рыгора Барадуліна актыўна перакладаліся на замежныя мовы, то ён бы “Нобеля” мог аотрымаць…
 

Валярына Кустава: Ён бы мог, але ягоныя вершы “неперакладабельныя”. Яны настолькі беларускія, пранізаныя беларускай рэчаіснасцю, беларускай душой, што гэта вельмі цяжка перакладаць. Я размаўляла на гэты конт з Арнольдам МакМілінам, ды і іншыя перакладчыкі, і польскія, і шведскія, да якіх я мела дачыненне – усе кажуць, што беларуская паэзія не такая як еўрапейская па форме. У Еўропе рыфма ўжо даўно-даўно прайшла. Калі Гётэ напісаў свае творы – ужо не мела сэнсу пісаць у рыфму. А ў нас большасць яшчэ піша ў рыфму. У Еўропе ўжо ніхто не перакладае ў рыфму. Мы яшчэ на іншым узроўні развіцця, у нас яшчэ мова развіваецца. У нас не напісаныя тыя творы, якія б паставілі фінальную пячатку на вершаванай паэзіі.
 

Еўрарадыё: Можа, можна пайсці шляхам Вальжыны Морт, якая піша адразу па-англійску.
 

Валярына Кустава: Можна вальжыніным пайсці, можна сваім пайсці. Думаю, пісаць па-англійску – гэта яе шлях. Бо трэба тады англійскую мову ведаць як родную. Я ведаю, што яна скончыла інстытут замежных моваў, гэта ёй дапамагло разумець мову і адчуваць. У нас не ў кожнага ёсць такі шанец і не кожны пагодзіцца перайсці на іншую мову, таму што гэта вялікая рызыка. Цешуся, што ў Вальжыны атрымалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі