Ластоўскі: Мінская міліцыя "без каманды" не каментуе несанкцыянаваную акцыю
Дакладная колькасць людзей, затрыманых на акцыі 25 сакавіка застаецца невядомай. Па звестках праваабаронцаў, лік ідзе на сотні. У розных крыніцах агучваюцца лічбы ад 600 да 1000 чалавек, затрыманых у Мінску.
Мінская міліцыя адмаўляецца называць якія-небудзь лічбы і ўвогуле каментаваць суботнія падзеі. У каментары Радыё "Свабода" прэс-сакратар УУС Мінгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі заявіў: "Без каманды нічога камэнтаваць пра несанкцыянаванае мерапрыемства мы не будзем. Будзе каманда — самі вас знойдзем, усё дамо, паведамім. А так — не".
Ні на сайце МУС, ні на сайце ГУУС Мінгарвыканкама дагэтуль ніякай інфармацыі няма.
Паведамляецца, што праваабаронцам удалося ідэнтыфікаваць прозвішчы каля 300 затрыманых 25 сакавіка. Лёс некалькіх дзясяткаў з іх застаецца невядомым.