Латушка: рашэнне пра маё звальненне было прынята ўрадам

Латушка: рашэнне пра маё звальненне было прынята ўрадам

Гендырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, якога збіраюцца звальняць з пасады за яго публічную падтрымку пратэстаў у Беларусі, пракаментаваў сітуацыю журналістам.

Латушка: "У сучасным грамадстве, у XXI стагоддзі, чалавек, асоба мае права на грамадзянскую пазіцыю. Я перакананы, што я не парушыў заканадаўства. Я проста выказаў свой грамадскі погляд, ацэнку таго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. Гэта абсалютна не звязана з маёй дзейнасцю, як генеральнага дырэктара тэатра. Тое, што гэтая пазіцыя адпавядае большасці калектыву Купалаўскага тэатра, мы яе абмяркоўвалі, яна была прынята разам, я толькі шчаслівы, што я не адзіны. Што сапраўды купалаўцы маюць такі пункт гледжання і падтрымліваюць. Мне здаецца, што не зусім правільна за грамадзянскую пазіцыю прымаць кадравыя рашэнні. Але гэта наймальнік, ён на гэта мае права...

Мне было сказана, што рашэнне было прынята ўрадам, узгоднена прэм'ер-міністрам. Мне было прапанавана ўстрымацца ад каментароў, якія я рабіў раней...

Ёсць моманты ў жыцці, калі трэба рабіць сапраўды свой выбар. І калі ты пераходзіш рысу маралі... Вось тут я не гатовы быў перайсці. І я задаволены гэтым, што менавіта так зрабіў. Бо я зразумеў, што я не магу пагадзіцца з тым, што ў нашай краіне ў XXI стагоддзі можна проста чалавека збіваць, можна яго проста затрымаць і зноў такі біць, можна пасадзіць яго ў следчы ізалятар і таксама там збіваць. Калі можна забіць чалавека толькі за тое, што ён падняў рукі і ідзе, хоча выказаць свой пункт гледжання. Гэта, як дыпламат, як былы міністр культуры, як сёння фармальна яшчэ кіраўнік нацыянальнай установы культуры я прыняць не магу. Гэта маё персанальнае. Гэта тут, у сэрцы, у душы. Я з гэтым не пагаджуся.

Шкада, што раблю гэта позна. Шкада. Але лепш зрабіць, чым не зрабіць".

Акцёры Купалаўскага падтрымалі свайго дырэктара і гатовыя на знак пратэсту масава звольніццца. Падтрымаць купалаўцаў да тэатра прыйшло вельмі шмат людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі