Латвія не гатовая ўдзельнічаць у Алімпіядзе разам з атлетамі з Беларусі і Расіі

Эмблема Алімпійскіх гульняў / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Эмблема Алімпійскіх гульняў / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Пакуль ідзе вайна Расіі супраць Украіны, Латвія не будзе ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях разам з расійскімі і беларускімі спартсменамі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Латвійскага алімпійскага камітэта Жорж Тыкмер. Яго словы прыводзіць Delfi.

Паводле яго слоў, калі б гульні адбыліся цяпер і ў іх бралі б удзел спартсмены з Расіі і Беларусі, зборная Латвіі не паехала б на гэтыя спаборніцтвы.

"Мы спадзяемся, што вайна скончыцца, Украіна атрымае перамогу. Гэта будзе цалкам новая сітуацыя і новыя правілы гульні. Зразумела, у гэтым выпадку латвійскія спартсмены таксама змогуць удзельнічаць у такіх Алімпійскіх гульнях", — сказаў Тыкмер.

Латвійскі алімпійскі камітэт плануе прапанаваць нацыянальным спартыўным федэрацыям звярнуцца да міжнародных калег і заклікаць іх не дапускаць спартсменаў з Расіі і Беларусі да кваліфікацыйных спаборніцтваў Алімпійскіх гульняў.

На мінулым тыдні Выканаўчы савет Міжнароднага алімпійскага камітэта заявіў, што спартсмены з Расіі і Беларусі, якія не падтрымліваюць вайну, могуць быць дапушчаныя да спаборніцтваў. Але выступаць яны змогуць толькі ў нейтральным статусе.  Гэтая заява выклікала пратэст ва Украіне. Прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі нават запрасіў кіраўніка МАК Томаса Баха наведаць Бахмут, каля якога цяпер ідуць самыя жорсткія баі. "Не бывае нейтральнасці, калі ідзе такая вайна. І мы ведаем, як часта тыраніі спрабуюць выкарыстоўваць спорт дзеля сваіх ідэалагічных інтарэсаў", — сказаў Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі