Латвійскія мытнікі рэгулярна знаходзяць кантрабанду ў цягніках з Беларусі
Латвійскія мытнікі рэгулярна знаходзяць кантрабанду ў грузавых цягніках з Беларусі. Цыгарэты хаваюць у вагонах з рознымі грузамі. Прэс-служба мытнікаў паведамляе, што 1 траўня пасля сканавання вагонаў з жалезнай рудой узнікла падазрэнне, што там схаваная кантрабанда. Цягнік адправілі на таварную станцыю ў Даўгаўпілс, дзе дасканала ўсё праверылі. У трох вагонах знайшлі больш за 10 тысяч пачкаў цыгарэт ("Queen" і “Minsk").
За тры дні да гэтага кантрабанду знайшлі ў грузе драўняных гранул з Беларусі. Гэта яшчэ 4,4 тысячы пачкаў цыгарэт ("NZ" і "Minsk"). За дзень да гэтага былі выяўленыя яшчэ 4,1 тысячы пачкаў.
Падчас санкцый колькасць грузаў, якія перапраўляюцца з Беларусі па чыгунцы ў Латвію, істотна зменшылася. Але ў іх сустракаецца кантрабанда. Падобная сітуацыя і ў Літве, толькі там яе знаходзяць у значна большых аб'ёмах. Нядаўна літоўскія мытнікі тыдзень лічылі кантрабандныя цыгарэты ў цягніку з Беларусі. А ў Польшчы кантрабандныя беларускія цыгарэты знайшлі пад торфам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.