Леанід Кучма: Захарчанка ледзь не сарваў перамовы ў Мінску

На перамовах у Мінску на мінулым тыдні Кантактная група мусіла падпісаць выніковы дакумент разам з лідарамі баевікоў Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім. Потым дакумент трэба было перадаць лідарам дзяржаў — Пятру Парашэнку, Уладзіміру Пуціну, Франсуа Аланду і Ангеле Меркель.

Аднак, кажа Леанід Кучма, баевікі ледзь не сарвалі ўвесь працэс перамоваў, а прэзідэнты ўжо збіраліся раз'ехацца.

"Калі мы селі за стол падпісваць дакумент, Платніцкі і Захарчанка сказалі, што яны нічога падпісваць не будуць, іх не задавальняе дамова. Пачалі з таго, што, нібыта, нашы вайскоўцы ў катле ў Дэбальцаве, прапаноўвалі запісаць, што ваенныя павінны здаць зброю. Гэта была нямая сцэна. Чацвёрка ледзь не раз'ехалася", — перадае УНІАН словы экс-прэзідэнта Украіны.

Ён распавёў, што заўваг з боку прадстаўнікоў Данбаса было шмат, але ў выніку ў дакуменце з'явілася адзіная змена: "Адзінае змяненне — замест 8 гадзін 14-га чысла, перамір'е павінна было наступіць апоўначы 15 чысла".

Галоўным прарывам мінскіх перамоваў экс-прэзідэнт лічыць тое, што за стол перамоваў удалося пасадзіць еўрапейцаў, Пуціна і Парашэнку: "І Пуцін узяў на сябе адказнасць за тыя дакументы, якія былі падпісаныя. Адна справа — назіраць збоку, іншая справа — падпісаць пагадненне".

Таксама ён дадаў, што галоўным для Украіны цяпер з'яўлаецца кантроль мяжы.

Фота — УНІАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі