Лемі Кілмістэр: На маім надмагіллі напішыце: “I had a good time. F…k you!”
Ранкам 29 снежня ў Лос-Анжэлесе памёр Лемі Кілмістэр — заснавальнік і лідар брытанскага гурта Motorhead. Чатыры дні таму ён святкаваў сваё 70-годдзе, тады ж даведаўся, што хворы на рак.
"Наш высакародны і магутны сябар сышоў пасля кароткай сутычкі з вельмі цяжкай формай раку... Мы не можам выказаць нашае ўзрушэнне і наш смутак, проста няма словаў, — кажуць у заяве паплечнікі Лемі па Motorhead. — Мы раскажам больш у бліжэйшыя дні, а цяпер, калі ласка... Уключыце гучна Motorhead, уключыце гучна Hawkwind (гурт, у якім Лемі граў да Motorhead), уключыце музыку Лемі гучна. Выпівайце, расказвайце гісторыі, успамінайце пра жыццё гэтага цудоўнага, цудоўнага чалавека".
Лемі і Motorhead гралі ў Мінску двойчы: першы раз, у 2000-м, каманда адзначала 25-годдзе і святкавала дату па ўсёй Еўропе, другі раз брытанцы завіталі ў беларускую сталіцу праз 14 гадоў — гралі тур у падтрымку альбома "Aftershock". Потым музыкі скажуць, што мінскі канцэрт быў найлепшым у турнэ. Гэта было прыкладна так:
"Добры вечар! Мы — “Motorhead”, і мы граем рок-н-рол!” — хрыпіць Лемі са сцэны і лупіць па струнах гітары. Так пачынаецца канцэрт, якога чакалі ў Мінску 14 гадоў. Без аніякага пафасу, два чалавекі з гітарамі, сцяна з калонак і бубнач на высачэзным пастаменце. Ніякай візуалізацыі, ніякіх рухаў па сцэне, ніякіх віскаў і касцюмаў, ніякіх дэкарацый і ўвогуле нічога такога, што звычайна прапаноўваюць заезджыя мегазоркі з багатага Захаду... Напэўна, мы хлусім пра адсутнасць элементаў шоў. Кожныя дзве песні Лемі спыняецца і размаўляе з публікай. Хоча, каб мы пакрычалі. Хоча, каб даведаліся назву наступнай песні. Хоча, каб раздзялілі радасць спаткання пасля 14 доўгіх гадоў. Фак е! І зноў працягвае малаціць на гітары і спяваць, і “Ace Of Spades”, і на біс".
Увогуле апошні мінскі канцэрт гурта быў пад пытаннем, як і тур Motorhead 2014-га: апошнія гады Лемі хварэў на цукровы дыябет, які прымусіў яго кінуць курыць, але адзін з самых адвязаных метал-дзядоў не мог адмовіцца ад віскі з колай. Да таго ж сэрца Лемі, якое вытрымлівала і наркотыкі, і алкаголь, пачало барахліць, яму паставілі кардыёстымулятар — таму туры і канцэрты даводзілася адмяняць. Лемі часта сцвярджаў, што ўжо пахне зямлёй, што не баіцца паміраць, і звяртаўся да фэнаў прыкладна так: "Прыходзьце на канцэрты, калі я не памру. А калі памру — то не прыходзьце".
Лемі нарадзіўся ў 1945 ва Уэльсе. У 1975 стварыў Motorhead, які стаяў ля вытокаў новай хвалі брытанскага хэві-металу канца 70-х — пачатку 80-х. Праўда, сам музыка заўсёды казаў, што Motorhead граюць менавіта рок-н-рол. Лемі можна было пазнаць па хрыплым голасе і неахайнай і шчыльнай ігры на бас-гітары: яна замяняла партыю рытм-гітары ў гурце. Таксама ён быў вядомы нястрыманай энергіяй, пачуццём гумару і свабодалюбствам. А на пытанне, якім бы ён хацеў застацца ў памяці людзей, адказваў: "Шчырым чалавекам, проста шчырым чалавекам". І дадаваў пра магчымы надпіс на надмагіллі: "I had a good time. F…k you!" І яшчэ прыпіска ўнізе: "Прыбяры свае ногі з маёй пліты!".
Смерць Лемі ўскалыхнула сусветны шоў-біз.
"Сёння я страціў аднаго з самых блізкіх сяброў, Лемі. Буду сумаваць па ім. Ён быў ваяром і легендай. Убачымся на тым баку", — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Озі Осбарн.
"Лемі, ты — адна з галоўных прычын таго, што наш гурт з'явіўся на свет. Мы будзем вечна ўдзячныя табе за натхненне", — гаворыцца на старонцы Metallica. А Джын Сіманс, басіст Kiss, дадае: "Лемі, спачывай з мірам. Ператрахні там нябёсы, мой сябар".
“Лемі. Дзякуй, што мы жылі ў адзін час у адным свеце. Мір тваёй душы!” — піша Барыс Грабеншчыкоў.
"Душаць эмоцыі і слёзы. Лемі памёр. Няшмат засталося такіх рокераў. Можа, і ўвогуле, ён апошні быў", — смуткуе лідар Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч.
"Я настолькі ўражаны смерцю Лемі, што не магу гэта неяк выразна каментаваць. Я ўбачыў яго фота яшчэ калі быў першаклашкам, і яго энергетыка і харызма захапіла мяне як нічыя іншая. На яго ўзроўні толькі Озі. Калі думкі ў галаве выстраяцца ў падабенства чагосьці ўпарадкаванага, магчыма, я нешта дадам. Але наогул прызнаць яго смерць — значыць прызнаць, што і Элвіс Прэслі памёр... Гэта дзіўна, калі не сказаць немагчыма. Яны жывыя, пакуль мы іх чуем", — узрушаны Лэслі Найф з Gods Tower.
За сваю гісторыю Motorhead выпусціў 21 альбом. У наступным годзе мусіла выйсці новая пласцінка гурта і планаваўся тур у яе падтрымку з магчымым заездам у Беларусь.