Лепш бы папярэдзілі сваю галоўную правакацыю — адказ памежнікаў Украіны
Украінскія ўмацаванні
Украіна абараняе свае межы ад ворага, і правакацый у гэтым няма. Так спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў каментары "Новому времени" адказаў на закіды з боку Памежнага камітэта Беларусі.
Як расказвала Еўрарадыё, у Памежным камітэце РБ заявілі, што Украіна павялічвае групоўку на мяжы з Беларуссю. У сувязі з гэтым беларускія памежнікі папярэдзілі пра недапушчальнасць правакацый.
Па словах Дземчанкі, Украіна абараняе і будзе абараняць свае тэрыторыі ад ворагаў. На мяжы з Беларуссю ўкраінскія вайскоўцы нарошчваюць абарончыя фартыфікацыі, але правакацыі ў гэтым няма.
Ён нагадаў, што ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі ішоў наступ расійскіх войскаў у 2022 годзе. "У адрозненне ад Беларусі, якая, нягледзячы на ўсе запэўніванні, падтрымала краіну-тэрарыстку ў нічым не справакаванай вайне і 24 лютага 2022 года зрабіла самую галоўную правакацыю, дазволіўшы войскам Расмі зайсці ва Украіну са сваёй тэрыторыі... Пакуль Беларусь будзе падыгрываць злачынным дзеянням Крамля, гэты кірунак будзе заставацца для нас пагрозлівым, і мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць і неабходнае, каб узмацняць нашу абарону", — заявіў Дземчанка.
Словы беларускіх памежнікаў аб недапушчальнасці правакацый іх украінскі калега пракаментаваў так: "Лепш бы яны папярэдзілі сваю галоўную правакацыю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.