"Левая рука больш не працуе. Я ляўшун". Як лечацца параненыя добраахвотнікі

Калі ў сакавіку беларускія добраахвотнікі ехалі на вайну, яны не ведалі, ці возьме на сябе Украіна іх дагляд у выпадку ранення / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

 
Калі ў сакавіку беларускія добраахвотнікі ехалі на вайну, яны не ведалі, ці возьме на сябе Украіна іх дагляд у выпадку ранення / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё  

Добраахвотнік Белка расказаў блізкім пра раненне пад Бахмутам толькі праз суткі, калі яго ўжо давезлі да бальніцы. Супакоіў тым, што "ўсё больш-менш у парадку".

Рычард расказаў блізкім пра раненне пад Запарожжам праз тыдні, калі рука ужо "больш-менш загаілася". Супакоіў тым, што "затое жывы".

Крот не расказваў блізкім пра раненні. Супакойвае іх тым, што "сядзіць на складзе" і не ўдзельнічае ў баявых выхадах. Пра тое, што ён штурмаваў вёску Аляксандраўка пад Херсонам, у яго сям'і не ведае ніхто.

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
Палата ў кіеўскай бальніцы / Euroradio

Ні адзін з беларускіх добраахвотнікаў, з якімі мы пагутарылі, не думаў пра тое, ці возьме на сябе Украіна іх дагляд у выпадку ранення. Мы пагаварылі з параненымі пра "бабулін клопат" санітарак, выплаты па раненнях і рэабілітацыі — у "Букавелі" і за мяжой.
 

“Мы не думалі пра "страхоўку". Далі аўтамат, пакармілі — гэтага было дастаткова”

Рычард
Баец батальёна "Волат", полк Кастуся Каліноўскага
Паранены пад Запарожжам ў траўні 2022 года

Рычард — ляўшун, і яго левая рука больш не працуе.

Яго паранілі ў траўні ў баях пад Запарожжам. Ён два месяцы прабыў у бальніцы, але пальцы на руцэ ўсё яшчэ не слухаюцца.

— Усе хлопцы-добраахвотнікі, якія прыязджалі ва Украіну ў сакавіку, наогул не думалі пра тое, што рабіць у выпадку ранення. Далі аўтамат, пакармілі — і нам гэтага было дастаткова. Ды і зараз такіх думак няма. Атрымаў раненне — ну, атрымаў. Гэта ж вайна.

Рычард кажа, што яму пашанцавала. Параніла ў кісць. Думаў, прыйдзецца ампутаваць палец, але ў Запарожжы трапіўся добры хірург.

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
Атрымаў раненне — ну, атрымаў. Гэта ж вайна / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

— Дзве гадзіны мяне сшываў. Палец сабралі. Сабралі, але ён нерухомы, а практыкі пратэзавання суставаў кісцяў ва Украіне няма. Тазабедраны сустаў могуць зрабіць — а палец не.

Хоць у Інстытуце траўматалогіі спярша паабяцалі, што зробяць мне сустаў, нават прызначылі дату аперацыі. Але потым аказалася, што мы не паразумеліся, і ў інстытуце ў дзень аперацыі мне сказалі, што такога не робяць. Аказалася, яны мелі на ўвазе, што могуць проста падрэзаць мне палец, каб ён стаў напаўсагнутым, а не тырчаў тырчма. А рухомасць вярнуць не могуць.

Парамедык палка Каліноўскага — Север — дапамагла Рычарду звязацца з кіеўскімі лекарамі. Кіеў пацвердзіў: вярнуць пальцу рухомасць не зможа ніхто ва Украіне.

— Сказалі, маўляў, нават калі хтосьці паабяцае і возьмецца — не згаджайцеся. Гэта небяспечна. І далі мне кантакты польскіх медыкаў.

І вось у Варшаве, здаецца, змогуць мне дапамагчы. Планую пад Новы год запісацца да гэтых польскіх дактароў і замяніць на штучны сустаў, металічны. Прыйдзецца ехаць, таму што інакш кісць не будзе працаваць паўнавартасна.

Рычард прабыў у шпіталях чатыры месяцы. Два месяцы — лячэнне, яшчэ два — рэабілітацыя.

— Пакуль у бальніцы ляжым, без сродкаў на існаванне не застаемся. Украіна працягвае плаціць нам заробак.

А ў шпіталях ёсць аддзяленні, у якія валанцёры прыносяць рэчы, і потым медсястрычкі выдаюць гэтыя рэчы нам. Рыльна-мыльныя, вопратку — мне ўсё далі. А потым яшчэ і пабрацімы прыехалі, усё, чаго не хапала, прывезлі.
 

“Выкурыў цыгарэтку і пайшоў у бальніцу”

Белка
Беларускі добраахвотнік у Замежным легіёне
Паранены на Бахмутском напрамку ў лістападзе 2022 года

Кожны раз, калі добраахвотнік замежнага легіёну з пазыўным "Белка" вяртаўся ў Кіеў пасля баявога выезду, ён наведваў параненых пабрацімаў. Цяпер сам Белка — у бальніцы. Пасля баявой аперацыі на Бахмуцкім кірунку яму правялі дзве аперацыі ў кіеўскай клініцы.

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
Мне быў патрэбны добры лекар, які сабраў бы раздробленыя косткі ў кісці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Вопратку на параненым звычайна разразаюць на месцы, каб зрабіць перавязку і аказаць першую дапамогу. І калі байца прывозяць у бальніцу, у яго пры сабе няма наогул нічога, нават адзення.

— Калі беларускія медыкі сказалі, што едуць да Белкі, нашы хлопцы адразу сабралі мне перадачу са сваіх уласных рэчаў, каб я не хадзіў голы і босы. Я б усё роўна не хадзіў, у бальніцах ёсць набор валанцёрскага адзення, але такая ўзаемадапамога ўспрымаецца як нешта натуральнае.

Камандзір раз на некалькі дзён піша мне грунтоўную галасавуху. Расказвае, як ідуць справы, пытаецца, як справы ў мяне.

Легіён знайшоў для мяне добрага хірурга. Не тое каб мне патрэбная была нейкая асаблівая дапамога — ёсць хлопцы, чые раненні цяжэйшыя. Але мне быў патрэбны добры лекар, які сабраў бы раздробленыя косткі ў кісці. Усе параненыя з нашай групы заўжды ляжалі ў выдатных клініках — гэта ўсё асабістыя дамоўленасці камандзіраў.

Белка ляжыць у палаце для чатырох чалавек. Вышыня ложкаў рэгулюецца кнопкай. Кормяць "звычайнай ежай, але лепш, чым прынята ў бальніцах".

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
Абед у бальніцы / Euroradio

— А можа, я адстаў ад жыцця і ўжо ва ўсіх бальніцах нармальная ежа? Можна нават паперабіраць і выбраць, што будзеш есці сёння. Санітаркі ставяцца з такім бабуліным клопатам.

Час ад часу прыходзяць валанцёры, у іх можна нешта замовіць. Яны памятаюць пацыентаў. Заўважаюць: вось вы ўжо пачалі хадзіць, можа, вам патрэбна цёплая вопратка? Прапануюць: а вось вам цукеркі да кавы, да гарбаты.

Што яшчэ мне трэба за межамі гэтай дапамогі? Не ўяўляю.

Белку паранілі падчас гарадскога бою. Байцы легіёна ўдзельнічалі ў штурме будынка, які занялі расіяне. Пасля першага ранення — асколак гранаты прыляцеў у нагу — Белка працягваў штурм. Ці то "з асколкам я яшчэ нармальна бегаў".

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
Белка, замежны легіён / Euroradio

— Потым, калі мы выносілі параненых, кропку эвакуацыі накрыў шчыльны танкавы і артылерыйскі абстрэл. І вось тады я ўжо атрымаў найбольш сур'ёзныя раненні.

Выбух. Адчуваю, што мне прылятае ў сцягно і спіну, з рукі ідзе кроў. Асколак прайшоў праз кісць наскрозь па дыяганалі. Злева ад мяне параніла пабраціма. У яго кроў ішла мацней. Дапамог яму дастаць турнікет [сучасны аналаг медыцынскага жгута. — Еўрарадыё].

Прыехалі машыны эвакуацыі.

Калі пад'ехалі да бальніцы, там ужо было даволі шмат параненых. Але я мог перамяшчацца сам, стаяў на нагах. Хлопцы, якія эвакуявалі параненых, закруцілі мне руку кампрэсійным бінтам, каб кроў не выцякала занадта хутка.

Выкурыў цыгарэтку і пайшоў у бальніцу.

Параненых перамяшчаюць са шпіталя ў шпіталь. Чым лягчэй раненне, тым бліжэй да лініі боесутыкнення чалавек застаецца. Тых, у каго раненне цяжкое, адразу вывозяць у буйнейшыя гарады.

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
"Тых, у каго раненне цяжкое, адразу вывозяць у буйнейшыя гарады" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Прыкладна ў гэты ж час у іншай частцы Украіны ў буйны горад везлі беларускага добраахвотніка з пазыўным "Крот" з батальёна "Тэрор". З бальніцы ў бальніцу — праз пункт стабілізацыі параненых у мабільны ваенны шпіталь, адтуль — у стацыянарны ваенны шпіталь, а адтуль — у звычайную бальніцу. Дзе траўматолаг класіфікаваў яго раненне: цяжкое.
 

“Такой цеплыні не часта сустрэнеш у бясплатнай медыцыне”

Крот
Батальён "Тэрор"
Паранены на Херсонскім кірунку восенню 2022 года

Перад баявым выхадам медык групы пракантраляваў, каб аптэчка Крата была правільна сабраная. "Па натаўскіх стандартах. І нават трошкі лепш", — кажа Крот. Трошкі  лепш — гэта дадатковы турнікет, назафарынгіяльная трубка і самаклейныя бінты.

Бінт давялося выкарыстоўваць на месцы.

— Мы працавалі пад Херсонам. Групу выявілі. Пачалася перастрэлка. Мы залеглі, пачалі працаваць нашы кулямётныя разлікі. Тыя, хто наперадзе, працавалі з стралковай зброі. Нам у дапамогу далі танк, і ў адказ па нас працаваў танк і артылерыя праціўніка.

Адзін з прыходаў прыляцеў побач са мной метрах у трох. Я ляжаў у невялікай лагчынцы, гэта мяне закрыла ад аскепкаў. Але адзін з аскепкаў заляцеў мне ў руку.

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
Дзіцячыя малюнкі ў бальніцы / Euroradio

У палаце пра вайну не гаварылі. Хіба што распытвалі, хто з якой часткі, у каго якая воінская спецыяльнасць. А астатнія размовы — бытавыя. Крот кажа, вайны і так хапае.

— У шпіталі я правёў 2,5 тыдні. Аддзяленне, у якое мяне павінны былі пакласці, было перапоўненае, так што мяне перавялі ў іншае. Але ўмовы былі выдатныя. Ля кожнага ложка — індывідуальная тумбачка. У палаце ёсць тэлевізар, шафа, рукамыйнік. Вышыня ложка рэгулюецца.

Ды і ў цэлым такога стаўлення медыкаў, такой цеплыні і дабрыні, мне здаецца, не часта сустрэнеш у бясплатнай медыцыне.

Параненым байцам належыць трохразовае харчаванне і "перакусы" ад валанцёраў.

— На абед — кашы, супы. Плюс гарбата, кампот, печыва, вафелькі, гародніна, садавіна, масла, батон. А валанцёры падвозяць ёгурты, сыры, тваражкі. Каб ты хутчэй прыйшоў у сябе.

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
"У шпіталі я правёў 2,5 тыдні. Аддзяленне, у якое мяне павінны былі пакласці, было перапоўненае, так што мяне перавялі ў іншае" / Euroradio

Нашы хлопцы, з якімі я быў на заданні, прывезлі цэлы пакет усіх неабходных рэчаў, хоць я папрасіў толькі зарадку. Камбат наогул ледзь не кожны дзень тэлефанаваў. Сачыў за тым, дзе я знаходжуся, што раблю, стараўся падключыць добрых дасведчаных лекараў.
 

Пасля. Кампенсацыі і "Букавель"

Байцам ВСУ у выпадку ранення належаць тры тыпы выплатаў:

  • грашовае забеспячэнне — мінімум 350 долараў;
  • каля 2,7 тыс. долараў у месяц так званых "баявых" — адлік "месяцаў" вядзецца ад дня атрымання ранення да заканчэння рэабілітацыі; 
  • раз на год параненаму выдаюць "матэрыяльную дапамогу для вырашэння сацыяльна-бытавых пытанняў".

Сума выплаты залежыць ад характару траўмы — лёгкая, сярэдняй цяжкасці або цяжкая.

— Але для таго, каб атрымаць кампенсацыі, трэба сабраць дакументы, у якіх будзе апісана, што адбылося і пры якіх абставінах. На падставе гэтых дакументаў павінны выдаць даведку, у якой было б пазначана, што раненне было атрыманае "ў сувязі з абаронай Бацькаўшчыны". Мы сабралі ўсе дакументы, але я пакуль не ведаю, ці атрымаю кампенсацыю. Ніхто ў батальёне пакуль не бачыў гэтых грошай.

Прычына ў нібыта няправільна аформленых дакументах. Але ж нам ніхто і не расказваў, як афармляць гэтыя дакументы.

“Левая рука больше не работает. Я левша”. Как лечатся раненые добровольцы
"Але для таго, каб атрымаць кампенсацыі, трэба сабраць дакументы, у якіх будзе апісана, што адбылося і пры якіх абставінах"  / Euroradio

Ці атрымліваюць такія выплаты своечасова ўкраінскія байцы, Крот не ведае — кажа, што задаваць такія пытанні яму няёмка.

— Не падумайце, людзі тут не за грошы знаходзяцца, грошы адыходзяць на другі план. Але не на самы далёкі: усё ж за тыя грошы, якія мы тут атрымліваем, мы рамантуем пашкоджаны транспарт, купляем розныя рэчы для байцоў — штаны, падсумкі і наогул тое, што палягчае выкананне розных заданняў. Так што, натуральна, страта нейкіх грошай адбіваецца на кожным байцы. Ды і ў цэлым на падраздзяленні.

Валерий Сахащик, представитель Объединённого кабинета Офиса Светланы Тихановской по вопросам обороны и нацбезопасности

— Зараз мы ствараем ва Украіне ветэранскае аб'яднанне, рэгіструем яго і працуем з украінскім бокам, каб абараніць правы гэтых людзей. Многія з іх з'ехалі з Украіны, не атрымаўшы ніякіх выплат. Супрацоўнічаем з офісам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, правяраем інфармацыю па кожным выпадку. І ўсё, што хлопцы павінны атрымаць згодна з законам, яны атрымаюць.

Белка [Замежны легіён] раней служыў у адным з батальёнаў ПКК — "Волаце" — і асабіста займаўся афармленнем папер для выплаты баявых пабрацімам. З "Волата" перадавалі дакументы наўпрост у Замежны легіён.

— Трэба было зрабіць рапарты, баявыя распараджэнні, у якіх апісана, хто і для чаго быў на баявых і што ў выніку зрабіла падраздзяленне. Гэтыя дакументы падаюцца ў штаб легіёна, на іх падставе налічваюцца баявыя.

Тады яшчэ быў жывы Брэст, і ён папрасіў мяне афармляць гэтыя паперкі, таму што ў кіеўскага штаба гэта чамусьці не атрымлівалася. Потым сістэма наладзілася. У цяперашняй маёй легіёнаўскай групе гэтымі паперамі займаецца камандзір, я нават не думаю пра гэта.

Рычард [батальён "Волат", полк Кастуся Каліноўскага] цяпер чакае яшчэ адной медычнай камісіі, па выніках якой змогуць прызначыць выплату па раненні.

— Думаў не чакаць ніякіх выплат, разарваць кантракт з ВСУ і паехаць у Польшчу аднаўляць руку, але камандзір батальёна і дзяўчына са штаба, якая дапамагае параненым, угаварылі спачатку скончыць з афармленнем папер. Ёй хочацца асобна падзякаваць, яна вельмі шмат робіць для параненых.

Комментарий штаба полка Калиновского

— Гэтыя дакументы спачатку падрыхтоўваюць бальніцы, у якія трапляюць хлопцы. А потым яны накіроўваюцца для далейшага афармлення ў медслужбу падраздзялення, да якога мы належым — Галоўнае ўпраўленне выведкі. Гэта праца каманды людзей, і таму гэта спрацоўвае.

Але самі выплаты — пытанне часу. Нават украінцы не адразу іх атрымліваюць, таму што ў краіне вайна, і ўсё функцыянуе, на жаль, недасканала. Але мы выконваем тыя патрабаванні да дакументацыі, якія прадугледжвае украінскае заканадаўства.

Горы

Пасля таго, як Рычарда выпісалі з бальніцы, яго адправілі на рэабілітацыю ў Букавель.

— З маім раненнем большасць выгод мне былі недаступныя, але ўсё роўна адпачыў. Горы пабачыў. Па гарах палазіць было цікава.


Крату таксама прапанавалі з'ездзіць у Букавель. Але калі мы стэлефанаваліся, аказалася, што да Букавеля ён так і не дабраўся і вярнуўся на базу на поўдні Украіны.

— Аказалася, няма месцаў. Потым мне зноў прапанавалі паехаць у Букавель. І зноў адклікалі прапанову. То ніхто не браў слухаўку, то згубіўся чалавек, які адказваў за складанне спісаў. Я ўжо і не чакаў гэтай паездкі, занадта шмат непаразуменняў ўзнікала. Вырашыў, што сэнсу сядзець у Кіеве няма. Сабраў заплечнік і вярнуўся да хлопцаў. Хоць праўда што, было б выдатна, калі б параненым байцам давалі магчымасць перавесці дух і адпачыць у камфортных умовах.

Думаю, гэта полк Каліноўскага ставіць палкі ў колы нашаму батальёну. Тым больш, мы ведаем, што ў Букавелі акрамя параненых байцоў з палка адпачывалі і тыя, хто ні разу не выязджаў на баявыя.

Комментарий полка Калиновского:

— Сам санаторый не спецыялізаваны для медычнай рэабілітацыі параненых, таму на адпачынак накіроўваліся не толькі байцы з цяжкімі раненнямі, але і тыя, каму трэба было аднавіць псіха-эмацыйны стан, да таго ж, не ўсе параненыя маглі быць накіраваныя на адпачынак, бо іх стан у той момант патрабаваў ўвагі лекараў.

Белка спачатку адмовіўся адказваць на пытанне пра інтрыгі ўнутры кіеўскага штаба. Але пасля даслаў галасавое паведамленне:

— Ведаеш, уздоўж лініі баявога сутыкнення ўсе абсалютна ясна. Бруд сцякае звычайна бліжэй да тыла. І ўглядацца ў той бок мне не хочацца. Я гэтым не цікаўлюся. Час ад часу даходзяць чуткі пра тое, як хтосьці, хто мае мала дачынення да вайны, зрабіў з сябе ўдзельніка баявых дзеянняў, прыстроіў сваяка на кантракт, робіць сабе імя на крыві і смерці байцоў. Гэта не хочацца закранаць.

Я быў і застаюся побач з іншымі людзьмі, для іх на першым месцы вайна. Так што ніякай дакладнай інфармацыі па "букавелях" у мяне няма, я проста ёю не цікаўлюся.
 

“Зборы? Не. Не-не”

Наперадзе ў Крата доўгая рэабілітацыя.

— Эпапея з траўмай не скончаная. Але дадатковых сродкаў на лячэнне мне дакладна не трэба, таму што я атрымаў стоадсоткавую дапамогу ад ваенных медыкаў. Мяне яшчэ чакае доўгая рэабілітацыя, але і тут украінскія лекары справяцца. Мне ніякіх дадатковых сродкаў, збораў ня трэба. Лепш збіраць на тых, у каго больш сур'ёзная сітуацыя.

Рычард хутка з'едзе з Украіны ў Польшчу. Гэта лячэнне ён будзе аплачваць ужо сам. Таму і вырашыў дачакацца выплат па раненні — каб хапіла грошай на рэабілітацыю.

— Штаб з фінансаваннем не дапаможа?

— Напэўна, арганізацыя лячэння за мяжой звязаная з нейкімі вялікімі праблемамі, таму што асабліва ў нас нікога за мяжу не адпраўлялі. Ды я і не пытаўся, спраўлюся неяк сам.

Комментарий штаба полка Калиновского

— У нас уласна дамоўленасцяў з еўрапейскімі клінікамі няма, таму што гэта за межамі нашай кампетэнцыі. Але, тэарэтычна, такія дамоўленасці ёсць ва ўкраінскага бока, і калі камусьці з нашых байцоў спатрэбіцца такая дапамога, будзем разбірацца ў пытанні і рыхтаваць дакументы.

Рычард кажа, што грошы на аперацыю ў яго ёсць. А калі прычакае выплат па раненні, з'явяцца грошы і на рэабілітацыю.

— Не думалі арганізаваць які-небудзь збор, каб людзі дапамаглі вам з аплатай лячэння?

— Што?

— Збор сродкаў на лячэнне.

— Не. Не-не. Няма на што гэта. Не такая вялікая бяда, я сам спраўлюся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі