Льготы ад Лукашэнкі: для “Кемпінскі”, нафтаперапрацоўшчыкаў і “Трайпла”
У Беларусі дзейнічаюць 250 ільгот, з-за якіх бюджэт згубіў каля мільярда долараў. Еўрарадыё пашукала, каго сам кіраўнік краіны вызваляў ад падаткаў.
Льготы — толькі на прыярытэтных напрамках, абяцае Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных пытаннях падатковай палітыкі. Ад астатняга трэба пазбаўляцца.
“У краіне дзейнічаюць 250 ільгот. Бюджэт за 2013 страціў ад гэтага каля мільярда долараў. Раней у нас была магчымасць падобныя льготы даваць. Цяпер іншыя часы. Ад індывідуальных ільгот трэба сыходзіць. Усе суб'екты гаспадарання павінны працаваць у роўных умовах — мы павінны зыходзіць з гэтага прынцыпу. Выключэнне толькі для прыярытэтных відаў дзейнасці”.
Глядзім, каму ж сам кіраўнік краіны падарыў льготы.
Забудоўшчыку гасцініцы ў раёне цырка ў Мінску, больш вядомай як "Кемпінскі" не трэба было плаціць пошліны за ўвоз будматэрыялаў. Кампанію “Эліт-Эстейт”, указам Лукашэнкі вызвалілі ад:
— пакрыцця страт, якія прычыняюцца землекарыстальнікам з-за вымання зямельнага ўчастка і зносу размешчаных на ім будынкаў.
— выплат у фонд прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва
— абавязкаў па прадастаўленні сацыяльнага і службовага жылля
— выплат мэтавых збораў у бюджэт Мінска
Кампанію “Трайпл” кіраўнік краіны сваім указам вызваляе ад мытных пошлін на ўвазныя тавары і сыравіну для будаўніцтва нерухомасці ў Мінску і Мінскім раёне.
Ад падатку на дадатковую вартасць вызваляецца указам Лукашэнкі “Другі нацыянальны канал” і “Сталічнае тэлебачанне”, а таксама яшчэ 14 паслуг ад дзяржарганізацый у сферы культуры.
Падатак на дадатковую вартасць не плацяць прадаўцы нафтапрадуктаў, якія вырабіла “Беларусьнафта”. Таксама гэтыя прадукты не абкладаюцца акцызамі.
А вось айцішнікам могуць зрэзаць ільготы, згодна з праектам дэкрэта Лукашэнкі. З-за гэтага выплаты ў фонд сацыяльнай абароны для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій могуць павялічыцца ўдвая, а падатак на прыбытак вырасце на 1%, да 10%.
Пры гэтым, усе тыя ж ільготы, якія былі ў Парка высокіх тэхналогій, застаюцца ў Кітайска-Беларускага парка, які пакуль не дабудаваны.
На фота: новабуд каля цырка, вядомы, як "Кемпінскі". Фота - Еўрарадыё