Чыноўнікі вярнулі ільготы іпэшнікам з сельскай мясцовасці

Продаж гародніны на Палессі

Продаж гародніны на Палессі / Belarustut.by

Улады Беларусі вярнулі некаторыя ільготы іпэшнікам і кампаніям з сельскай мясцовасці. Адпаведны ўказ надоечы падпісаў Лукашэнка. Гэта закране тых, хто працуе ў рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, а таксама аказвае бытавыя паслугі.

Размова ідзе пра змяншэнне на 50 працэнтаў ставак падатку на прыбытак ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) і падаходнага падатку з фізічных асоб для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія яго плацяць.

"Прадугледжана таксама вызваленне юрыдычных асоб ад падатку на нерухомую маёмасць, зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці", — паведамляецца ў дакуменце.

Цяпер для ІП і кампаній у сельскай мясцовасці будзе ўведзены асобны тарыф на электраэнергію для гандлёвых аб'ектаў і кропак грамадскага харчавання. Таксама фірмы, якія працуюць на вёсцы, змогуць набываць для сваёй дзейнасці нерухомасць ва ўласнасць альбо карыстанне без дазволу МАРГ. Праўда, пакуль незразумела, якія менавіта населеныя пункты падпадуць пад дзеянне ўказу. Гэта вырашаць абласныя саветы дэпутатаў.

Ільготы будуць дзейнічаць да канца 2028 года. Чыноўнікі адзначаюць, што такім чынам яны хочуць "стымуляваць развіццё інфраструктуры гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці і стварэнне камфортных умоў для жыцця".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі