Лідарам прафсаюза РЭП выставілі канчатковае абвінавачанне
Лідарам прафсаюза РЭП Ігару Комліку і Генадзю Фядынічу выставілі канчатковае абвінавачанне. Як інфармуе сайт praca-by.info, гэта — ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Следства прыйшло да высновы, што па выніках 2011 года прафсаюз не заплаціў у дзяржбюджэт падаткі на 22 867 рублёў 10 капеек (з улікам дэнамінацыі).
Генадзь Фядыніч кажа, што не лічыць сябе вінаватым, справу называе "палітычна матываванай". Яе галоўная мэта, па словах Фядыніча, аказаць ціск на яго як на лідара прафсаюза, на сам прафсаюз і на ўвесь незалежны прафсаюзны рух.
Комлік і Фядыніч атрымалі месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы (каля 10 тамоў), пасля чаго яе накіруюць у суд. Абвінавачанымі засталіся толькі яны. Фядыніч кажа, што па краіне следчыя правялі "сотні допытаў", але, відаць, у дзеяннях іншых асоб складу злачынства не знайшлі.
Пачатак крымінальнай справы лідараў прафсаюза РЭП адносіцца да 2 жніўня 2017 года, калі ў цэнтральным офісе быў праведзены ператрус (яго ж правялі ў Салігорску ў офісе Незалежнага прафсаюза гарнякоў). Дэпартамент фінансавых расследаванняў адразу заявіў пра рахункі прафсаюза ў замежжы. Генадзь Фядыніч выйшаў на волю ўжо на наступны дзень, а Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы.