Літоўскі міністр: мы назіраем вельмі марудную акупацыю Беларусі
За тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі дапускае выкарыстанне сваёй тэрыторыі расіянамі, яму пагражаюць новыя санкцыі. Пра гэта ў Бруселі заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. 21 лютага праходзіць пасяджэнне Савета ЕС па замежных справах. На ім будзе абмеркавана і сітуацыя з санкцыямі і супраць афіцыйнага Мінска, і супраць РФ.
Ландсбергіс падкрэслівае, што сітуацыя ў Беларусі "драматычна змянілася". Ён мае на ўвазе прысутнасць расійскіх войскаў (міністр згадаў пра 30 тысяч вайскоўцаў), якія знаходзяцца ў тым ліку і каля ўкраінскай мяжы, і не збіраюцца вяртацца ў Расію. А гэта змяняе сітуацыю і для Украіны, і для краін Балтыі, і для Польшчы. "Вымушаны прызнаць, што тое, што мы бачым, — гэта вельмі марудная акупацыя тэрыторыі і дзяржавы Беларусь", — цытуе словы літоўскага міністра Delfi.
Еўрасаюз мусіць вырашыць, як рэагаваць на сітуацыю ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.