Літва магла б выдаваць беларусам візы для шопінгу
Такое меркаванне 20 снежня выказаў у Вільні намеснік старшыні сейму Літвы, сябра парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” Пятрас Аўштравічус.
Ён заявіў журналістам, што афіцыйная Вільня магла б пераняць прыклад Варшавы, аднак МЗС Літвы прытрымліваецца больш строгай рэгламентацыі ў пытаннях візавай палітыкі, літаральна выконваючы Шэнгенскае пагадненне, перадае БелаПАН.
“Нашы прадпрымальнікі былі б вельмі рады такой сістэме выдачы доўгатэрміновых візаў для беларусаў, — перакананы намеснік старшыні літоўскага парламента. — Бо ў Вільні шмат аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, і людзі прыязджаюць сюды не толькі для набыцця газет, але і нечага большага. Таму я не бачу праблемы ў гэтым”.