Літва закрыла яшчэ два пагранпераходы на мяжы з Беларуссю
У ПП "Райгардас" усталёўваюць загароды
У ноч на 1 сакавіка Літва закрыла для руху людзей і транспарту пункты пропуску "Лаварышкес" (з беларускага боку "Катлоўка") і "Райгардас" ("Прывалка").
У пункце пропуску "Райгардас" у момант закрыцця заставаліся сем аўтамабіляў і аўтобус. У Літву іх ужо не ўпусцілі, параілі вяртацца, піша рэсурс "Гродзенская праўда".
Агароджу гэтай ноччу ўстанавілі і на ўездзе ў Літву ў пункце пропуску "Лаварышкес" (з беларускага боку "Катлоўка"). Рэсурс "Матолькі Дапамажы" зазначае, што на ўездзе ў ЕС праз "Катлоўку" ў гадзіну ночы "усталявалі плот і каля яго стаялі людзі, якія, відаць, не паспелі праехаць".
Нагадаем, раней — у жніўні 2023 года — Літва ўжо закрыла два пагранпераходы "Шумскас"-"Лоша" і "Цвярачус"-"Відзы". Да ўчарашняга дня на літоўска-беларускай мяжы працавалі чатыры пункты пропуску. Зараз засталіся два пагранпераходы "Мядзінінкай" - "Каменны Лог" і "Шальчынінкай" - "Беняконі". Акрамя таго, з сённяшняга дня ўводзіцца забарона на перасячэнне мяжы з Беларуссю праз літоўскія ПП пешшу і на веласіпедзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.