Літва зробіць больш жорсткай праверку збожжа з Беларусі і Расіі

Праверкі закрануць і збожжа, якое ідзе транзітам праз Клайпедскі порт, ілюстрацыйнае фота

Праверкі закрануць і збожжа, якое ідзе транзітам праз Клайпедскі порт, ілюстрацыйнае фота / euronews.com

Літва плануе ўзмацніць жорсткасць праверкі збожжа з Беларусі і Расіі. Цяпер ідзе ўзгадненне дакумента, пасля чаго загад літоўскага міністра сельскай гаспадаркі Кястуціса Навіцкаса будзе падпісаны.

"Пасля ўступлення ў сілу паправак у заканадаўства ўсё зерне і прадукты з яго, прызначаныя для прадуктаў харчавання і кармоў, з краін высокай рызыкі будуць спынены і правераны", — гаворыцца ў заяве Мінсельгаса краіны. Прычым паверкі закрануць не толькі збожжа, якое імпартуецца ў Літву, але і прадукцыі, якая ідзе транзітам праз порт Клайпеды.

Да краін высокай рызыкі, акрамя Беларусі і Расіі, у Літве адносяць тэрыторыі Малдовы, Украіны і Грузіі, якія не кантралююцца цэнтральнымі ўрадамі гэтых краін.

"Кожны вагон або транспартны сродак з імпартнай прадукцыяй будзе правераны", — папярэдзілі ў ведамстве. Збожжа будуць правяраць на наяўнасць рэшткаў пестыцыдаў, мікатаксінаў, металаў (свінец, кадмій). Акрамя таго, яго правераць на вызначэнне паходжання прадукцыі. Меры кантролю будуць распаўсюджвацца на збожжавыя культуры, уключаючы пшаніцу, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, рыс, грэчку, проса, а таксама на прадукты са збожжа, у тым ліку крупы, муку, вотруб'е.

Адзначым, што са жніўня 2021 года ў Беларусі дзейнічае забарона на вываз з краіны гэтых культур. Вываз збожжа магчымы толькі па разавых ліцэнзіях, якія выдае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам. Пад забарону не трапляе збожжа, якое вывозіцца для аказання гуманітарнай дапамогі, а таксама перамяшчаецца ў рамках міжнароднага транзіту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі