Лукашэнка: бізнесоўцы, якія будуюць жыллё, сталі доларавымі мільянерамі

Лукашэнка: бізнесоўцы, якія будуюць жыллё, сталі доларавымі мільянерамі

На нарадзе з Саветам міністраў 14 студзеня Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў будаўнічую сферу. Па яго словах, займацца жыллёвым будаўніцтвам павінны прадпрыемствы, у якіх ёсць для гэтага неабходныя рэсурсы. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, якия перадае БЕЛТА, у будаўнічай сферы бізнесоўцы празмерна хутка багацеюць.

"У нас тыя прадпрымальнікі, прыватнікі, бізнесоўцы, якія займаюцца будоўляй, асабліва будуюць жыллё (яны проста рвуцца ў гэтую сферу), усе сталі як мінімум доларавымі мільянерамі. Хутка, ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў. Усе, хто сур'ёзна займаўся гэтым будаўніцтвам. Паўстае пытанне: адкуль такі спрыт? Нават Амерыка не ведала такіх тэмпаў. Узнікае пытанне, адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі? Дзякуй богу, што разбагацелі, няма пытанняў. Але толькі багацець трэба за свой кошт. Трэба багацець за сваю працу. А не тое, што, спасылаючыся на нейкую рынкавую эканоміку, разбагацелі за кошт тых, хто купляе гэта жыллё. Гэта ненармальна", — абурыўся кіраўнік Беларусі.

Ён нагадаў пра сваё даўняе даручэнне па цэнаўтварэнні на будаўніцтва жылля. Эксперымент Завода эфектыўных прамысловых канструкцый паказаў, што забудоўшчык можа паспяхова развівацца і пры рэнтабельнасці ў 5%. Па словах Лукашэнкі, прадпрыемства пры такой рэнтабельнасці не стала стратным. 

"А мне тут дакладваюць, што калі мы гэтым шляхам пойдзем, будуць вымывацца нейкія фінансавыя сродкі і прадпрыемствы ў выніку паваляцца. Усе вы маеце жыллё, і добрае. Не забывайце, што ёсць яшчэ людзі, якія маюць патрэбу ў жыллі, і мы павінны ім дапамагаць. Нашая дапамога перш за ўсё заключаецца ў тым, каб мы дапамаглі ім пабудаваць жыллё па даступных цэнах", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Калі прадпрыемствы не могуць працаваць з рэнтабельнасцю 5%, дык яны павінны стаяць у чарзе, кажа Лукашэнка. "Мы аддамо будаваць жыллё тым, хто хоча будаваць, груба кажучы, з пяціадсоткавай рэнтабельнасцю, з меншымі выдаткамі, з больш нізкімі коштамі", — патлумачыў ён. 

Займацца жыллёвым будаўніцтвам павінны прадпрыемствы, у якіх ёсць для гэтага неабходныя рэсурсы, лічыць Лукашэнка. Па яго словах, у гэтую сферу прыходзяць людзі, якія нічога не маюць, але зарабляюць у ёй вялікія грошы. 

"Гэта ненармальна, калі чалавек прыходзіць з вуліцы: ні грошай, ні ведаў, дзесьці кавалак зямлі выпрасіў і пачынае будаваць жыллё. У яго людзі для гэтага ёсць? Няма нікога. Стол, зэдлік. Пайшоў у той жа трэст будаўнічы, яны яму пабудавалі. Ён, нічога не робячы, атрымаў добрыя грошы. Таму трэба даваць будаваць жыллё тым, хто мае вытворчую базу — будаўнічым арганізацыям", — падкрэсліў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі