Лукашэнка даручыў да канца года рэканструяваць Лядовы палац у Наваполацку
Да 31 снежня 2018 года Віцебскі аблвыканкам і Наваполацкі гарвыканкам мусяць рэканструяваць у Наваполацку Лядовы палац, а таксама ўзвесці крытую лядовую трэніровачную пляцоўку і аб'екты інжынернай і транспартнай інфраструктуры для іх. Гэта прадугледжана ўказам №220, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БЕЛТА.
Замоўцам па праектаванні, рэканструкцыі і ўзвядзенні спартыўных аб'ектаў будзе дзяржаўнае прадпрыемства "УКБ горада Наваполацка". Праекты будуць распрацоўваць унітарнае прадпрыемства "Інстытут Віцебскграмадзянпраект" і яго наваполацкі філіял. Генпадрадчыкамі вызначаныя ААТ "Трэст №16, г. Наваполацк" і ААТ "МАПІД".
Паведамляецца, што гэты ўказ павінен дапамагчы стварыць умовы для спартыўных спаборніцтваў, падрыхтоўкі спартоўцаў. Таксама мэтай указу называецца прыцягненне насельніцтва да заняткаў фізкультурай і спортам.