Лукашэнка і Ермакова абмеркавалі будучыню "Белгазпрамбанка"

Аляксандр Лукашэнка і Надзея Ермакова / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка і Надзея Ермакова / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка і кіраўніца часовай адміністрацыі "Белгазпрамбанка" Надзея Ермакова абмеркавалі будучыню банка, піша прэзідэнцкі сайт. На думку Лукашэнкі, банк трэба захаваць, нават калі ад яго адмовіцца "Газпрам".

"Вельмі б прасіў, каб парадак быў у банку, банк губіць нельга. Гэта банк, які, калі "Газпрам" ад яго адмовіцца, бог з імі ... Мы Нацыянальным банкам будзем падтрымліваць гэты банк: там жа нашы людзі і нашы прадпрыемствы. Так, трапілі ў складаную сітуацыю з-за гэтых карупцыйных праяў, але ў нас ёсць досвед утрымання не проста на плыву банкаў, але і нармальнага іх функцыянавання", — сказаў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка паабяцаў зрабіць усё для таго, каб кліенты банка не страцілі свае ўклады: "З нашага боку, з боку дзяржавы мы зробім усё неабходнае".

Таксама кіраўнік краіны ва ўласцівай яму манеры, на "ты", падзякаваў Ермаковай за выратаванне банка:

"Перш за ўсё, хачу табе падзякаваць, што ў цяжкі момант адгукнулася і фактычна выратавала банк і працоўны калектыў".

Па словах Надзеі Ермаковай, пакуль "Газпрам" не ідзе на кантакт, але і без удзелу уласнікаў банк можа аднавіцца, таму што ў ім працуюць адукаваныя спецыялісты:

"Усё гэта арганізавана напэўна дзякуючы таму, што не страчана кіравальнасць і таму што там працуюць пісьменныя, надзейныя спецыялісты, якія ведаюць сваю справу. Банк можа працаваць, здольны працаваць, і ў нашай краіне ён можа быць не такім вялікім, якім быў. А калі ад яго адмовяцца раптам ўласнікі і не будуць укладаць у яго, ён можа існаваць і па-ціху павялічваць свае абароты, аднавіцца да таго аб'ёму, які быў. А ў прынцыпе банк на высокіх пазіцыях, і для эканомікі рэспублікі гэта значны банк".

Да мая 2020 года цягам дваццаці гадоў "Белгазпрамбанкам" кіраваў Віктар Бабарыка. Але 14 чэрвеня Бабарыку — прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла — затрымалі, абвінаваціўшы ў махлярстве, адмыванні грошай і нявыплаце падаткаў. Таксама затрыманыя многія менеджэры і работнікі банка і блізкіх да яго камерцыйных структур.

15 чэрвеня Надзея Ермакова стала кіраўніцай часовай адміністрацыяй "Белгазпрамбанка" — так вырашыў Нацбанк. "Газпром" назваў гэтыя дзеянні супрацьзаконнымі.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі