Лукашэнка і яшчэ 31 беларускі чыноўнік трапілі ў спіс неўязных у Літву
МЗС Літвы падрыхтаваў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд у краіну. Пра гэта заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус.
"Мы не будзем называць усе прозвішчы. Скажу толькі, што ў гэтым спісе 32 прозвішчы, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка", — цытуе delfi.lt словы літоўскага міністра. Ён дадаў, што ў "чорны спіс" трапілі прадстаўнікі выбаркамаў, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў, а таксама прадстаўнікі сілавых структураў.
Лінкявічус адзначыў, што анкцыі Літвы маюць сімвалічны характар, бо галоўнае — гэта санкцыі Еўрасаюза. Ён дадаў, што спіс перададзены на зацвярджэнне Міністэрству ўнутраных спраў Літвы.
Як паведамлялася раней, беларуская сітуацыя абмяркоўвалася на экстраным саміце ЕС 19 жніўня. Па яго выніках было абвешчана, што Еўрасаюз не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. ЕС абяцае ўвесці санкцыі супраць тых, каго прызнаюць вінаватым у фальсіфікацыях на выбарах і гвалце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.