Лукашэнка лічыць, што БНР — гэта сумная старонка нашай гісторыі
Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра Беларускую Народную Рэспубліку і адзначэнне 100-х угодкаў абвяшчэння яе дзяржаўнай незалежнасці. Адбылося гэта ў аўторак у Мінску на сустрэчы з творчай моладдзю. Урыўкі з прамовы Лукашэнкі цытуе БЕЛТА, частка яго выступу была паказаная на тэлеканале СТБ. Па словах кіраўніка дзяржавы, ён “папрасіў даведку па БНР”, асэнсаваў гэтую інфармацыю, каб зразумець, як адносіцца да тых падзеяў.
“Гэта добрая старонка гісторыі? Напэўна, не зусім, — кажа Лукашэнка. — Ганарыцца гэтым не трэба. Гэта была сумная старонка”. Увогуле кіраўнік дзяржавы лічыць, што пра гэтую падзею трэба менш гаварыць. “Падстаўляцца нельга, як гэта зрабіла Украіна”, — шчыра сказаў ён і адзначыў, што праўду пра тыя падзеі трэба ведаць, іх мы мусім аб’ектыўна ацэньваць.
Аляксандр Лукашэнка доўга разважаў пра матывы бальшавікоў, якія ў снежні 1917-га разагналі Усебеларускі з’езд. Аказваецца, ён думае, што яны сачылі за ходам мерапрыемства і ў нейкі момант спалохаліся, што Беларусь можа аддзяліцца ад савецкай Расіі: “[Разагналі] не таму, што не хацелі даць беларусам нейкую волю, свабоду, няхай і абмежаваную. Яны спалохаліся, што ўвогуле страцяць Беларусь, і немцы ці іншыя ворагі будуць пад Смаленскам, а то і пад Масквой”.
Асобна спыніўся Лукашэнка на тэлеграме, якую частка сябраў Рады БНР паслала кайзеру ў спадзяванні на прызнанне незалежнасці БНР (як раней гэта адбылося з Літвой). “Ад аднаго бота з усходу пабеглі на захад пад бот кайзера”, — так ацаніў гэта беларускі кіраўнік. Але ў той жа час ён разумее логіку ўчынкаў дзеячоў БНР: “Гарачае жаданне зрабіць Беларусь незалежнай іх магло штурхнуць хоць да кайзера, хоць чорт ведае да каго”.
Па словах Лукашэнкі, ён даручыў кіраўнікам органаў улады не ўмешвацца ў абмеркаванне пытанняў 100-годдзя БНР: “Няхай яны самі разбяруцца. Хочуць яны каля Опернага тэатра — няхай збіраюцца”. Галоўнае каб быў парадак і не пацярпеў сам тэатр, сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што не супраць дэманстрацый і шэсцяў, але перакананы, што нічога добрага ад іх не бывае: “Не патрэбны нам сёння гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсці. Не таму, што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Мінску — перажывем. Але адзін раз, другі, трэці раз, а пасля будзе як дваццаць гадоў таму”.
Як вядома, мінскія ўлады дазволілі святочны мітынг і канцэрт 25 сакавіка каля Опернага тэатру (з 13:00 да 19:00). А вось дазволу на шэсце не далі.