Лукашэнка лічыць, што ў чыноўнікаў "мазгоў не хапае і адказнасці"
У аўторак кіраўнік дзяржавы наведаў Смалявіцкі раён. Ён правёў нараду, прысвечаную праблеме вытворчасці кармоў і павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўлі.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб урад вырашыў праблему са свінінай на рынках: "Вы ж бачыце, што людзі бегаюць: дай свініны, дзяцей карміць сёння няма чым". Кіраўнік Беларусі загадаў не толькі аднавіць, але і перавысіць ранейшую колькасць пагалоўя свіней.
Таксама Лукашэнка заявіў, што пры нарыхтоўцы кармоў мусіць быць "жалезная дысцыпліна", бо "з-за расхлябанасці часам губляем велізарныя грошы". Таксама кіраўнік дзяржавы загадаў усіх працаўнікоў мабілізаваць на іх нарыхтоўку, перавесці іх "на ваеннае становішча".
Аляксандр Лукашэнка "заклапочаны негатыўнымі тэндэнцыямі ў малочнай галіне і неэфектыўным выкарыстаннем новых малочна-таварных комплексаў". Ён жорстка выказаўся пра працу чыноўнікаў. "Адкажуць усе! — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Хопіць угаворваць адзін аднаго. А то сяляне кепскія, грошай банкі не даюць, таго не хапае... Мазгоў не хапае і адказнасці — вось і ўсё!".
Фота — ria.ru