Лукашэнка: Мы не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі
24 траўня Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай на прадстаўнічым міжнародным форуме "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх" у Мінску. Ён гаварыў пра сітуацыю ў міжнародных адносінах і пра рэгіянальную бяспеку.
Лукашэнка адзначыў, што цяперашнія міжнародныя адносіны нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной. І буйным міжнародным гульцам трэба пра гэта задумацца. Сёння сітуацыя горшая, чым падчас халоднай вайны, сказаў прамоўца.
"Калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца паміж сабой, то гэта не азначае, што ўсе астатнія краіны павінны сядзець моўчкі і чакаць іх указанняў, — гаварыў Лукашэнка. — Перакананы, што Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў, якія існуюць паміж Усходам і Захадам. Стаць месцам ўрэгулявання надзённых праблем. Найперш такіх, як украінскі крызіс". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што сярэднія і малыя краіны не павінны быць статыстамі ў сусветнай палітыцы.
"Мы не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі. Для нас у прынцыпе не прымальнае гэтае пытанне — з кім мы", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка прапанаваў падтрымаць і "рэанімаваць" АБСЕ, бо "многія ўжо забыліся, што гэта такое".